Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні байкоту, ні Плошчы?


Экспэрты Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) на падставе нядаўна праведзенага нацыянальнага апытаньня робяць выснову: выбарчая кампанія актуалізавала зацікаўленьне беларусаў палітыкаю, аднак спадзяваньні на байкот выбараў альбо на паўтор сцэнару Плошчы чатырохгадовай даўніны -- марныя.

Згодна з вынікамі апытаньня, праведзенага спэцыялістамі НІСЭПД у кастрычніку, яўка на выбарах кіраўніка дзяржавы чакаецца досыць высокая: галасаваць гатовы больш за 73% апытаных. Але пры гэтым толькі блізу 14% заявілі пра намер праігнараваць палітычную кампанію, што, на думку аналітыкаў, сьведчыць пра марнасьць чаканьня байкоту прэзыдэнцкіх выбараў. З такім падыходам ня згодны адзін з кіраўнікоў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, які застаецца пасьлядоўным прыхільнікам байкоту:

Юрась Беленькі
"Зразумела, што структуры, людзі, зацікаўленыя ў правядзеньні фальсыфікацыі, зацікаўленыя і ў тым, каб спэктакль быў пастаўлены па ўсіх правілах жанру. Бо калі ня прыйдуць выбарцы на ўчасткі, то будзе відавочны збой. Ёсьць розныя сыгналы пра тое, што рэжым нэрвуецца наконт магчымага непрыходу людзей, таму запушчаны ўсе мэханізмы дзеля таго, каб прыцягнуць народ на выбарчыя ўчасткі. Але чым больш калярэжымныя структуры пачынаюць сьцьвярджаць, што байкот не адбудзецца, тым больш мы перакананыя, што знаходзімся на правільным шляху. Дый увогуле рэжым ужо блефуе напоўніцу. Неаднаразовыя заявы Лукашэнкі пра тое, што 93—94% за яго галасуюць, — гэта тыповы блеф картачных шулераў, якія, маючы на руках шасьцёркі, пачынаюць блефаваць. І хто яшчэ і сумняваўся, што гэта ёсьць поўная прафанацыя выбараў, то цяпер ужо сумневу не засталося".

У адпаведнасьці з апытаньнем НІСЭПД, маларэальнымі можна лічыць і спадзяваньні апазыцыйных лідэраў на акцыі пратэсту ў выпадку фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. Паводле дасьледаваньня, каля 11% апытаных заявілі пра намер узяць удзел у масавых акцыях, патрабуючы зьмены вынікаў выбараў; 24% адказалі, што будуць засмучаныя фактам фальсыфікацыі, але ў мерапрыемствах апазыцыі ўдзельнічаць ня будуць. Абсалютная ж бальшыня — 40% апытаных — згодныя прыняць любы вынік галасаваньня, бо штосьці зьмяніць у цяперашніх умовах усё адно нельга. Але адзін зь лідэраў "Маладога Фронту" Зьміцер Дашкевіч статыстычнымі паказьнікамі патэнцыйнага супраціву ўсьцешаны:

Зьміцер Дашкевіч
"Зразумейце: гаворка пра ажно (!) 11%. Нават калі лічыць ад колькасьці выбарцаў — ад 6—7 мільёнаў чалавек — то гэта больш за 600 тысяч. Няўжо мала для таго, каб дамагчыся пераменаў? Ды нам дастаткова, каб зь іх некалькі дзясяткаў тысяч мелі канкрэтную пазыцыю і да канца яе адстойвалі. Гэта першае. Па-другое, ня трэба думаць, што ў дзяржавах, якія пазбаўляліся ад аўтарытарнай улады, па 50—70% насельніцтва жадалі выходзіць на вуліцу. Такія ж самыя прыблізна лічбы былі ва Ўкраіне перад "памаранчавай рэвалюцыяй". У першы яе дзень толькі некалькі тысяч выйшлі на Майдан. Я абсалютна перакананы ў тым, што грамадзтва сасьпела для пераменаў, ёсьць патэнцыял. Праблема ў адным: наяўнасьць лідэраў, здольных ісьці да канца і гэты патэнцыял выкарыстоўваць. Усё!"

Асобны блёк дасьледаваньня прысьвечаны міжнародным аспэктам выбарчай кампаніі ў Беларусі. Так, больш за 13% апытаных лічаць, што зацяты канфлікт паміж беларускім і расейскім кіраўніцтвам сур'ёзна паўплывае на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Яшчэ 36% схільныя меркаваць, што канфлікт паўплывае, але ня будзе вырашальным, а блізу 22% перакананыя, што выбары прэзыдэнта не прызнаюць законнымі ні Расея, ні Захад.

Прыводзяцца дадзеныя і адносна нашумелага антылукашэнкаўскага сэрыялу "Хросны Бацька" на тэлеканале НТВ, які даў старт шырокамаштабнай мэдыйнай атацы расейскіх СМІ супраць кіраўніка Беларусі. Фільмы пра "Бацьку" ў той ці іншай камбінацыі паглядзелі амаль 40% беларусаў. Але, як лічаць экспэрты, перабольшваць уплыў мэдыяў Расеі на беларускі электарат наўрад ці варта. Прыкладам, 35,5% рэспандэнтаў згодныя з ацэнкай Лукашэнкі, які назваў палітыку Крамля ў адносінах да Беларусі "неабдуманай і бязмозглай".

І ўсё ж, як адзначаюць экспэрты НІСЭПД, менавіта геапалітычная арыентацыя зрабіла найбольшы скачок у перадвыбарных настроях беларусаў. Аслабленьне прарасейскіх сымпатыяў адбываецца на тле ўзмацненьня праэўрапейскіх. Так, на гіпатэтычным рэфэрэндуме пра аб'яднаньне Беларусі і Расеі "за" выказаліся б 32% беларусаў, супраць — 45% (чатыры гады таму было 43% і 33% адпаведна). А вось "за" ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз прагаласавалі б 42%, тым часам як "супраць" — 32% (у 2006-м — 32% і 45% адпаведна). На альтэрнатыўнае пытаньне пра выбар паміж Расеяй і Эўразьвязам эўрапейскі вэктар сёньня абралі б больш за 42%, а аб'яднаньне з Расеяй — 35%. Некалькі гадоў таму Расея лічылася безумоўным фаварытам: 56% супраць 27% на карысьць Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG