Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Пасьля выказваньняў Далі Грыбаўскайце наконт пажаданасьці перамогі Лукашэнкі на выбарах, канечне, усе палітычна занепакоеныя блогеры будуць актыўна абмяркоўваць гэты «нож у сьпіну беларускай дэмакратыі». Яшчэ да тых выказваньняў і зь іншай нагоды mikalaj_achyzha зьмясьціў допіс пад загалоўкам: «Эўропа шэпча: "Чао..."». Пра тое, што ў Эўразьвязе гатовыя «няхай сабе і не з распасьцёртымі абдымкамі, прыняць "апошняга дыктатара"». Ідэя «эўрапейскай здрады» лунала ў паветры, таму выказваньні спадарыні Грыбаўскайце нельга назваць такімі ўжо нечаканымі. Аднак што азначае падтрымка нічым, у прынцыпе, не выбітнага палітыка, прэзыдэнта краіны другога, калі не трэцяга эшалёну, у параўнаньні з падтрымкай мастака з сусьветным імем? Гаворка пра Эміра Кустурыцу, які 9 лістапада гасьцяваў у Менску і адвесіў кіраўніку Беларусі кораб камплімэнтаў.

Ня тое каб гэта было нечаканасьцю. Прынамсі, у той момант, калі стала вядома пра хуткі візыт Кустурыцы ў Менск, падчас якога ён сустрэнецца з «прадстаўнікамі ўлады», я ўжо здагадаўся, што ён тым ці іншым чынам будзе агітаваць за вечна-элегантнага пераможцу ўсіх прэзыдэнцкіх выбараў. Бо ягоныя сымпатыі да ізгояў сусьветнай палітыкі шырока вядомыя (хаця які цяпер Лукашэнка «ізгой», улічваючы ўскосную і прамую падтрымку рэспэктабэльных эўрапейскіх палітыкаў?), як і сантымэнты ў адносінах да «славянскага братэрства». А ўладам грэх было не скарыстацца выпадкам.

Тым ня менш, нечаканасьць.

Немагчыма ўявіць сабе Лукашэнку, які глядзіць фільмы Кустурыцы. Памятаю, як мы паглядзелі разам з маім старэйшым сынам ад першага шлюбу «Час цыганоў» («Dom za vešanje»). Паглядзелі на адным дыханьні, хаця ён ідзе пяць гадзінаў, яму вельмі спадабалася. Дзелімся зь ім уражаньнямі, ён іранічна заўважае: «А баба Ніна сказала б: "Гаўно нейкае!"». Баба Ніна - гэта ягоная бабуля па матчынай лініі. Гараджанка ў першым пакаленьні, чалавек зь бясхітраснымі і па-сялянску кансэрватыўнымі густамі. Мне здаецца, тое самае сказаў бы і Лукашэнка. Фільмы Кустурыцы не высакалобыя і мудрагелістыя, але, што называецца, «не для ўсіх».

«Там ходзяць на галовах, зьяжджаюць у вечнасьць на асьліцы, якая шукае самагубства ад непадзеленага каханьня, там птушка Сьвятога Духу спускаецца зь нябёсаў беласьнежнай індычкай ці гусаком, там гіпнозам набліжаюць перамогу сусьветнай рэвалюцыі і вэлюм памерлай нявесты прыкідваецца сомам у сьвітальным Дунаі»
, - пісаў калісьці czerniec.

А яшчэ нюхаюць какаін з чыгуначных рэек, лётаюць па небе ў ложку, выцягваюць цьвікі неабдымнымі ягадзіцамі, хаваюць, абкладваючы лёдам, памерлых дзядоў на гарышчы, каб не перашкодзілі вясельлю, якія потым ажываюць і г.д., і да т.п. Усё ідзе кулём, усе шумяць, дудзяць у дудкі, п'юць, страляюць, ляцяць пух і пёры, гойсаюць туды-сюды хатнія жывёлы. Фільмы эксцэнтрычныя да бесшабашнасьці і вінэгрэтныя да мешаніны. Чалавеку, які звык да лінейнага сюжэту і жанравай аднастайнасьці, а ў мяне няма сумневаў, што Аляксандр Рыгоравіч менавіта з такіх людзей, нягледзячы на ўласьцівую яму самому эксцэнтрычнасьць, яны пададуцца «вар'яцкімі». Пагатоў, у фільмах Кустурыцы часьцей за ўсё вельмі брудны і бязладны антураж, што Лукашэнку, вядомаму змагару за чысьціню і парадак, таксама наўрад ці спадабалася б.

Адпаведна, немагчыма ўявіць Кустурыцу ў Беларускім саюзе кінэматаграфістаў, наогул - у афіцыйным беларускім кантэксьце. «Мне спадабалася, як ён сядзеў насупраць яго ў крэсьле», - піша vinah пра сустрэчу рэжысэра і прэзыдэнта. - «Вялікі, расхрыстаны, як мядзьведзь, у гэтым патрапаным пінжаку, замытай маечцы і карава напаўзашпіленай кашулі, такі велізарны казачны панк». Калі б Кустурыца меў няшчасьце нарадзіцца ў Беларусі і ўступіць у Беларускі саюз кінэматаграфістаў, ён бы так не сядзеў на прыёме ў прэзыдэнта. А значыць, ня змог бы быць Кустурыцам.

І ўсё-ткі яны сышліся. (Адзінае тлумачэньне гэтаму, якое прыходзіць мне на розум - тут не абышлося бяз зводніцтва Уга Чавэса, зь якім водзіць сяброўства сэрбскі рэжысэр.) Больш за тое, прэзыдэнт узнагародзіў Кустурыцу спэцпрызам і запрасіў яго здымаць у Беларусі кіно.

«Дарэчы, ён мог бы зьняць пра Лукашэнку выдатны фільм»
, - гэта ізноў vinah. - «Вось як пра Марадону. Пачатак - Лукашэнка грае на баяне "Чорные вочы". Потым - сцэна пра хакей якая-небудзь вельмі яркая... Наогул, добры быў бы фільм, я б яго глядзела, напэўна, з асалодай».

Кустурыца сапраўды мог бы зрабіць неацэнную паслугу Беларусі, зьняўшы тут фільм. Не пра Лукашэнку - ён казаў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, што ня будзе гэтага рабіць - проста на беларускім матэрыяле. Лепшай рэклямы не прыдумаеш. На жаль, гэта наўрад ці магчыма. Фармулюючы ўласныя пажаданьні да гіпатэтычнага фільму, які будзе здымаць Кустурыца ў Беларусі, прэзыдэнт сказаў: «Калі вы захочаце зьняць што-небудзь саліднае...». Чым, на мой погляд, выдаў сябе з галавой. Імаверна, яго пазнаёмілі з творчасьцю Кустурыцы і ён сказаў, ці падумаў: «Гаўно нейкае», у сэнсе - несалідна. Яму патрэбны не Кустурыца, а штатны, ідэалягічна і стылістычна вытрыманы рэжысэр «Беларусьфільму» з сусьветным імем. Гэтак не атрымаецца. Таму дарэмна Кустурыцу далі авансам прыз «за захаваньне і разьвіцьцё традыцыяў духоўнасьці ў кінамастацтве» - не па каню хамут.



(Пры стварэньні дэматыватара, зьмешчанага ў суполцы by_demotivators, выкарыстаны кадр зь фільму «Чорная котка, белы кот»)

Рэжысэр, які на прэс-канфэрэнцыі таксама прамаўляў гэтае слова - «духоўнасьць», за адзін дзень, вядома, ня мог зразумець, што тут гэта казённы, выпусташаны панятак зь лексыкону ведамства агітацыі і прапаганды. У якасьці ўзорнага прыкладу такой «духоўнасьці» можна прывесьці артыкул галоўнага рэдактара газэты «Жыцьцё Палесься», выдатніка друку Ларысы Чорнай, працытаваны блогерам sai17 у суполцы by_trash:

«Іду па горадзе і заўважаю: будынкі прыгажэюць на вачах, вакол – чысьціня і парадак, сьпяшаюцца да завадзкіх прахадных мае землякі... І ўсплываюць у памяці словы Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, сказаныя ім падчас працоўнага візыту ў наш рэгіён у жніўні 2010 году: "Мазырскі раён сёньня – гэта раён эўрапейскага ўзроўня". Цешся, сэрца, ганарыся, душа: гэта пра нашу з вамі зямлю, дарагія мае землякі, казаў кіраўнік дзяржавы – пра Мазырскі раён! Пра той самы край, дзе мы жывём і працуем. Пра маленькую радзіму нашую.

...

Стваральная хада яго – і ў строгіх, вывераных радках статыстыкі: усё выразьней яна, усё званчэй у рытме напружаных працоўных будняў нашых прадпрыемстваў – нарошчваюцца тэмпы, павялічваюцца аб'ёмы вытворчасьці, расьце рэнтабэльнасьць, а гэта – добрая прыкмета. Значыць, мы рухаемся наперад, значыць, будзем жыць яшчэ лепш, багацей і годней. Ці ня гэта ёсьць таксама простая і запатрабаваная радасьць зямнога быцьця? Наша агульная з вамі, дарагія мае землякі! А ўспомнім "Дажынкі-2010": з рук Прэзыдэнта некалькі разоў атрымлівалі прадстаўнікі нашай дэлегацыі высокія пераможныя ўзнагароды за дасягненьні ў разьвіцьці сельскай гаспадаркі, а гэта – добрая прыкмета: значыць, паспрабуем узятую вышыню і далей утрымліваць! Каб стол беларускі быў стравамі поўны – заслужылі!»

Адным словам, «буяе рыс пад промнямі тэзаў па аграрным пытаньні» (цытата з часопісу «Карэя»)! У Кустурыцы дакладна ня хопіць таленту, каб перакласьці гэта на мову кінамастацтва. А калі атрымаецца, усё роўна ніхто не паверыць, што тое зрабіў Кустурыца, і будуць сьмяяцца.

Можна парадавацца за Аляксандра Рыгоравіча, што ён не абмежаваўся падтрымкай пыльных палітычных чучалаў кшталту Зюганава і Квачкова, пашырыў свае гарызонты і падумаў пра тое, каб «асучасьніцца» і спадабацца «адукаванай клясе». Ды толькі апраставалосіўся з гэтай сваёй «духоўнасьцю» і наогул... Яшчэ раз працытую блогерку vinah , бо яна напісала найлепшы тэкст пра прыезд Кустурыцы:

«Я глядзела навіны па тэлевізары з абавязковымі крыкамі: "Апакаліпсіс! Апакаліпсіс! Лукашэнка ўручае Кустурыцу нейкую шкляную дурынду!" На сцэне Акадэміі Мастацтваў на століку стаяла такая самая шкляная дурында, толькі графін.

- Кустурыца можа пераблытаць, узяць графін і сказаць – дзякуй вялікі! – узрадаваўся Антон.

- Я прыдумала загаловак для артыкула пра сустрэчу Кустурыцы з прэзыдэнтам. – раптам зразумела я ў прыступе нейкага апраметнага натхненьня. – ГЭТУЮ ГАЎНАЦЁРКУ ПАДАРЫЎ АЛЯКСАНДР РЫГОРАВІЧ».


Вельмі трапна схопленая сутнасьць усёй сытуацыі. Рыгоравіч зь нейкай недарэчнай «дурындай», Кустурыца ў прастрацыі... Два пажылыя, стомленыя акторы, пік чыёй славы ўжо мінуў, іграюць у танным другарадным спэктаклі кожны нешта сваё, звыклае, не асабліва зважаючы на партнэра: адзін, што перад ім вельмі далёкі ад мастацтва і нейкіх там ідэалаў беспрынцыповы палітык-хітраван, які спрабуе падлашчыцца да замежнага госьця, каб хоць тушкай, хоць пудзілам улезьці ў эўрапейскі бамонд, ці, прынамсі, падкупіць варожа настроенага беларускага інтэлектуала, другі - што перад ім хай ладна патрапаны, але ўсё-ткі геній, якога не запражэш і не паставіш на службу, ня мае ён ніякай патрэбы ў прэзыдэнтах, а зьвязваецца зь імі па дурасьці. Вядома ж, гэтая багема, яна такая неразборлівая ў сувязях...

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG