Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя назіральнікі ад АБСЭ едуць у Беларусь


12 лістапада ў Менск прыбывае місія доўгатэрміновых назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ. Як і ў часе папярэдніх палітычных кампаніяў — выбараў прэзыдэнта 2006 году і абраньня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у 2008-м — групу ўзначаліць амбасадар Герт-Генрых Арэнс.

Паводле кіраўніка менскага офісу АБСЭ Бэнэдыкта Халера, усяго ў склад місіі ўвойдуць 440 назіральнікаў. Пераважная большасьць экспэртаў прыбудзе ў Беларусь незадоўга да выбараў, цяпер жа гаворка пра доўгатэрміновых назіральнікаў:

"Калі вы бачылі справаздачу Бюро АБСЭ з гэтай нагоды, то ў дакумэнце поўна выкладзена іх уяўленьне аб тым, што і як павінна адбыцца. Безумоўна, усё будзе залежыць ад фінансаваньня і іншых абставінаў. Але ў справаздачы наўпрост гаворыцца: маецца на ўвазе прыезд у Беларусь 40 доўгатэрміновых і да 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. Што тычыцца часовых рамак, то, як і было анансавана, гэта пачатак-сярэдзіна лістапада".

Герт Арэнс ужо двойчы ўзначальваў місію назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ падчас выбарчых кампаніяў у Беларусі. Аднак і па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, і пасьля парлямэнцкіх выбараў 2008 году ён заяўляў, што ня можа даць станоўчую ацэнку палітычным кампаніям.

Прынамсі двойчы спадар Арэнс быў вымушаны канстатаваць, што расчараваны ходам выбараў. Па яго словах, экспэрты АБСЭ ня здолелі ўбачыць паляпшэньня ў вырашэньні праблемы празрыстасьці выбарчых кампаніяў. Цяпер застаецца спадзявацца на тое, што беларускія ўлады зробяць адпаведныя высновы:
Дастатковы доступ да падліку галасоў зьяўляецца асноўным патрабаваньнем


"Дастатковы доступ да падліку галасоў зьяўляецца асноўным патрабаваньнем і асноўнай умовай для пасьпяховай працы дадзенай місіі. Размовы на гэтую тэму вяліся яшчэ ад таго часу, калі сюды прыяжджала ацэначная місія для ўзгадненьня пытаньняў назіраньня на меркаваных выбарах. Такім чынам, застаецца толькі чакаць, да чаго ў дзень выбараў прывядуць усе папярэднія размовы ".

Ці можна казаць пра адметнасьць сёлетняга візыту назіральнікаў ад АБСЭ ў Беларусь на тле фармальнага збліжэньня з Захадам і абвастрэньня канфрантацыі з усходняй суседкай, Расеяй? Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч трымаецца такога меркаваньня:
Ня думаю, што будзе палітычная замова — цяпер ужо з Захаду — да місіі назіральнікаў


"Спадзяюся і ўпэўнены, што ўсё ж нічога ня зьменіцца ў функцыях гэтай місіі. Ня думаю, што будзе палітычная замова — цяпер ужо з Захаду — да місіі назіральнікаў. Разам з тым, яны цалкам могуць зафіксаваць: хоць выбары былі несумленныя і непразрыстыя, але адбыўся пэўны прагрэс. І цяпер якраз уся ўлада працуе на тое, каб у іх былі паставы гэта сказаць. У нас выбары будуць дастаткова лібэральнымі да моманту папярэдняга галасаваньня і падліку бюлетэняў. А пакуль сапраўды будзе гэткі парад лібэралізацыі. Ну, і шмат што будзе залежыць ад вынікаў: для Захаду, для таго, каб гэты працэс неяк абазначыўся, Лукашэнку трэба спыніцца хоць бы на 65 заяўленых працэнтах. Але ёсьць Усход, якому таксама трэба кінуць у твар — маўляў, глядзіце: колькі б вы "Хросных Бацькаў" не здымалі, а ў мяне 85% падтрымкі. І цяпер улада, мабыць, вагаецца, паміж гэтымі працэнтамі. Праўда, яшчэ ёсьць ініцыятыва бюракратычных нізоў, якія імкнуцца даказаць сваю адданасьць, і думаю, што ўсё ж урэшце схіліцца да 85%".

15 лістапада заплянавана сустрэча кіраўніцтва місіі АБСЭ з кіраўніцай Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзіяй Ярмошынай.

Апроч Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ, назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі будуць ажыцьцяўляць экспэрты ад СНД і незалежныя назіральнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG