Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Вілейкай памянулі ахвяраў Першай усясьветнай вайны


Ля помніка ахвярам Першай сусьветнай вайны ў Вілейцы.

Ля помніка ахвярам Першай сусьветнай вайны ў Вілейцы.

11 лістапада ў сьвеце адзначаюць заканчэньне Першай усясьветнай вайны і памінаюць загінулых на той вайне вайскоўцаў ды ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Прадстаўнікі грамадзкасьці ў Беларусі таксама спрабуюць распачаць гэтую традыцыю.

У Беларусі шырыцца кола людзей, якія згадваюць ахвяраў Першай усясьветнай вайны, клапоцяцца пра могілкі і помнікі загінулым,
Памятны знак у Жарсьцьвянцы.
зьбіраюць і сыстэматызуюць зьвесткі пра баі на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх мастак Барыс Цітовіч, які ўжо шмат гадоў жыве ў вёсцы Забродзьдзе на Вілейшчыне. 11 лістапада на тэрыторыі раёну прайшло адразу некалькі акцый у памяць ахвяр Першай сусьветнай, у якіх браў удзел і Барыс Цітовіч. Я зьвязаўся зь мастаком праз тэлефоне і папрасіў распавесьці пра падзеі.

«Мы былі на могілках у Вілейцы, дзе пахаваныя вайскоўцы Першай сусьветнай, потым былі ў Бараўцах, потым Жарсьцьвянка, дзе быў вялікі вайсковы лягер, зваўся Камарышкі. Потым былі каля вёскі Рускае сяло, дзе ёсьць значны комплекс, над якім мы працуем ужо шмат гадоў. Гэта могілкі № 16 20-га армейскага корпусу 2-й расейскай арміі. Таксама мы былі ў вёсцы Папоўцы, дзе летась зрабілі помнік і знайшлі да яго 17 імён у архівах. Гэта таксама ўжо адзначана на камянях. І потым былі на лязарэтных могілках каля вёскі Забродзьдзе. А цяпер мы знаходзімся каля капліцы ў Забродзьдзі. Капліца пабудаваная ў гонар ахвяраў Усясьветных войнаў. Тут ёсьць у нас экспазыцыя».

Барыс Цітовіч

Паводле дасьледчыкаў, ад 600 тысяч да 1 мільёна беларусаў былі ў войску падчас Першай усясьветнай вайны, а колькасьць уцекачоў з тэрыторыі Беларусі — болей за 1,5 мільёна. Шмат тысяч зь іх загінула на тэрыторыі краіны і за яе межамі. Колькасьць ахвяраў сярод вайскоўцаў з абодвух бакоў дасьледчыкі вызначаюць лічбай блізкай да мільёна. Большасьць могілак Першай усясьветнай вайны ў Беларусі дагэтуль знаходзяцца ў занядбаным стане.

Фронт 1-й сусьветнай вайны праходзіў праз усю Беларусь з поўначы на поўдзень і закрануў лёсы велізарнай колькасьці чалавек.

Уладзімер Багданаў
Паводле дасьледчыка Ўладзімера Багданава, які таксама браў удзел у мерапрыемствах на Вілейшчыне, інтарэс да тых падзей стогадовай даўніны ў Беларусі штогод расьце:

«Далей можна па мапе глядзець, як ішоў фронт: Пастаўскі раён, Мядзельскі, Вілейскі. Смаргонь, дзе ўжо таксама шмат робіцца для таго, каб гэтую памяць аднавіць. А потым на Берасьцейскую вобласьць пераходзім. Баранавіцкі раён — гэта вядомая Баранавіцкая апэрацыя, а потым лінія фронту ішла на Пінскія балоты, дзе таксама шмат гераічных падзей адбылося».

У мерапрыемствах на Вілейшчыне бралі ўдзел ня толькі актывісты грамадзкіх арганізацыяй, але і прадстаўнікі Вілейскага выканкаму, а таксама служкі Беларускай праваслаўнай царквы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG