Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце хоча, каб перамог Лукашэнка


Аляксандар Лукашэнка і Даля Грыбаўскайце

Аляксандар Лукашэнка і Даля Грыбаўскайце

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што перамога Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах дапамагла б забясьпечыць стабільнасьць і абмежавала б уплыў Расеі ў постсавецкіх краінах. Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters, спасылаючыся на дыпляматычныя крыніцы.

Выказваньне Грыбаўскайце адлюстроўвае меркаваньні ў некаторых сталіцах Эўразьвязу, што працяг рэжыму Лукашэнкі, нягледзячы на кепскую рэпутацыю ў пляне дэмакратыі і правоў чалавека, усё ж лепш, чым пашырэньне ўплыву Расеі, — піша Reuters.

Паводле Reuters, прэзыдэнт Літвы на сустрэчы з амбасадарамі Эўразьвязу ў Вільні ў гэтым месяцы заявіла, што перамога Лукашэнкі зьяўляецца больш пажаданай.

«Апазыцыя не зьяўляецца сур’ёзнай і ня мае шанцаў ў любых выбарах. Лукашэнка можа перамагчы з 99 % галасоў, але ён выйграе з перавагай у 75 % — каб дагадзіць Эўразьвязу», — цытуе эўрапейскі дыплямат словы Грыбаўскайце. — Лукашэнка зьяўляецца гарантам эканамічнай і палітычнай стабільнасьці і яе незалежнасьці. Мы (Літва) не хацелі б ля сваіх межаў яшчэ адну Расею«.

Нядаўна Грыбаўскайце абмеркавала ў Менску з Лукашэнкам пытаньні энэргетычнага супрацоўніцтва. Reuters зазначае, што яе выказваньні ілюструюць недавер Прыбалтыкі да Масквы і заклапочанасьць з нагоды залежнасьці Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ад расейскіх нафты і газу.

Тым часам прэсавы сакратар Грыбаўскайце Лінас Бальсіc адмовіўся камэнтаваць журналістам паведамленьне Reuters. Пры гэтым ён, аднак, падкрэсьліў, што кіраўніца краіны заклікала свайго беларускага калегу выконваць дэмакратычныя стандарты.

Прэсавы сакратар Грыбаўскайце таксама адзначыў, што «асобныя паведамленьні СМІ з закрытых сустрэч звычайна не камэнтуюцца».

«Магу сказаць толькі тое, што прэзыдэнт Грыбаўскайце ніякай афіцыйнай падтрымкі не дэманстравала, а заклікала правесьці выбары максымальна адкрыта і дэмакратычна. Лукашэнка гэта публічна паабяцаў», — сказаў Лінас Бальсіс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG