Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Літва: транспартнае ўзаемаразуменьне


У амбасадзе Літвы ў Беларусі адбылася прэзэнтацыя супольных праектаў Літоўскай і Беларускай чыгунак, а таксама іншых транспартных кампаніяў дзьвюх краін. Сярод дасягнутых дамоўленасьцяў — стварэньне новых умоў для павелічэньня пасажырскіх і грузавых перавозак паміж Літвой і Беларусьсю.

Новыя міждзяржаўныя праекты ў транспартнай галіне з боку Літвы прэзэнтаваў амбасадар Эдмінас Багдонас. Удзельнічалі прадстаўнікі літоўскай чыгункі, Клайпедскага порту, а таксама Беларускай чыгункі ды іншых транспартных кампаній. Усе яны адзначылі сёлетні рост грузавых перавозак паміж краінамі. Гаворыць дарадца кіраўніка Літоўскай чыгункі Рамуальдас Казыровічус:

«Сёньня мы ўжо можам казаць, што слова „крызіс“ забылі і рухаемся зь немалым ростам. За 9 месяцаў гэтага году разам з БЧ перавозкі павышаныя на 27% у параўнаньні зь мінулым годам».

Таксама на 32% за 9 месяцаў гэтага году павялічаны перавозкі грузаў у Беларусь з порту ў Клайпедзе. Зь іх — толькі адна пастаўка на 80 тысяч тон нафты з Вэнэсуэлы, а ўсяго існуюць дамоўленасьці на пастаўку 2,5 мільёнаў. тон. Калі яны будуць пастаўленыя, пакуль не вядома, паведаміў прадстаўнік порту Артурас Друнгінас:
Багдонас: 2 гадзіны пап’яце халоднага піва — і вы ў Вільні.

«Было адно судна з 80 тысячамі тон. Гэтая пастаўка прайшла пасьпяхова. Колькі пройдзе да канца году, залежыць не ад мяне, а ад беларускіх імпарцёраў».

Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас таксама паведаміў, што паміж Беларусьсю і Літвой вяліся перамовы пра стварэньне ў Клайпедзе ангараў для складаваньня звадкаванага газу для Беларусі. Але рашэньне гэтага пытаньня — пэрспэктыва бліжэйшых чатырох гадоў.

На сёньня ж ёсьць дамоўленасьць, і нават распачалася рэалізацыя праекту па арганізацыі руху хуткаснага цягніка паміж Менскам і Вільняй, які скароціць час руху паміж сталіцамі да дзьвюх гадзін, паведаміў спадар Багдонас:

«Будзе, як у самалёце: заходзіце тут, на чыгуначным вакзале паказваеце дакумэнты — і выходзіце ў Вільні на адмыслова абсталяванай плятформе таксама для праверкі дакумэнтаў. Тады не спатрэбіцца гадзінамі стаяць на памежным пераходзе: 2 гадзіны пап’яце халоднага піва — і вы ў Вільні».

Плянуецца, што рэалізацыя гэтага супольнага праекту мае завяршыцца ў 2013 годзе.
XS
SM
MD
LG