Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Польшча: за зону не заяжджаць


Палата прадстаўнікоў ратыфікавала беларуска-польскае пагадненьне аб памежным бязьвізавым руху грамадзян. Гэты дакумэнт спрашчае перамяшчэньне жыхароў Беларусі і Польшчы, якія жывуць у зоне да 30 кілямэтраў з абодвух бакоў ад дзяржаўнай мяжы.

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі, які сёньня прадстаўляў дакумэнт дэпутатам, сказаў, што пагадненьне ахоплівае 30-кілямэтровую зону па абодва бакі агульнай мяжы:
Валеры Варанецкі

"Калі частка такой адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі знаходзіцца на адлегласьці паміж 30-м і 50-м кілямэтрам ад лініі мяжы, яна таксама прызнаецца часткай памежнай тэрыторыі. Так, на памежных тэрыторыях знаходзяцца беларускія гарады Горадня, Берасьце, Жабінка, Пружаны і Маларыта, а таксама Бяла-Падляска з польскага боку".

Дакумэнт спрашчае парадак перасячэньня мяжы для тых, хто жыве ў гэтай зоне ня меней за 3 гады, незалежна ад грамадзянства. Ім дазваляецца знаходзіцца на памежных тэрыторыях 90 дзён за паўгода. А каб атрымаць дазвол на спрошчанае перасячэньне мяжы, жыхарам памежных рэгіёнаў трэба будзе заплаціць 20 эўра. Ехаць далей, за межы зоны, не дазваляецца.

Намесьніца старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Марыя Бірукова лічыць: гэта пагадненьне актывізуе памежнае супрацоўніцтва ў эканоміцы, культуры, турызьме:

"Неабходна адзначыць і яшчэ адзін вельмі важны аспэкт законапраекта — спрошчанае перасячэньне мяжы будзе садзейнічаць падтрыманьню сваяцкіх, міжчалавечых стасункаў паміж людзьмі, якія жывуць па абодва бакі мяжы".

Алесь Лагвінец
Валерый Варанецкі сказаў, што на думку МЗС, рэальна працэс спрошчанага перамяшчэньня мяжы можа пачацца з красавіка 2011 году. Беларускаму боку патрэбна яшчэ правесьці пагадненьне праз Савет Рэспублікі, яго павінны падпісаць кіраўнік дзяржавы. Польскі бок усе гэтыя працэдуры ўжо выканаў.

Палітоляг Алесь Лагвінец называе сам факт ратыфікацыі пагадненьня "вельмі станоўчым":

"Але зь іншага боку, усё гэта магло было быць зроблена даўным-даўно. Патрэбна было беларускім уладам праяўляць больш волі. У прынцыпе, калі б яны вельмі хацелі, яны маглі ўжо дамагчыся і зьніжэньня кошту шэнгенскіх віз для ўласнага народу. А што тычыцца таго, калі пачне дзейнічаць гэта пагадненьне, то тут згадваецца вядомая прыказка: д'ябал заўжды хаваецца ў дэталях. А беларускія ўлады вядомыя сваім замаруджваньнем любога добрага працэсу".

У перапынку пленарнага паседжаньня я спытаў намесьніка міністра пра пэрспэктывы аналягічных пагадненьняў Беларусі з Латвіяй і Літвой. Спадар Варанецкі адказаў, што гэтыя дакумэнты ўжо падпісаныя міністрамі замежных спраў названых краін. МЗС Беларусі хутка перадасьць іх у Палату прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG