Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Леаніда Аўтухова канфіскавалі маёмасьць


Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў

У беспрацоўнага актывіста з Гарадка судовыя выканаўцы забралі кампутар у кошт штрафу, накладзенага ў 2009 годзе за акцыю зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Леанід Аўтухоў распавёў, што выплаціць штраф памерам 1 мільён 400 тысяч, накладзены ў жніўні мінулага году, ня здолеў дагэтуль. Бо ён ужо тры гады як беспрацоўны — старшыню раённай суполкі партыі БНФ на працу не бяруць, бо ўсе кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў ведаюць яго апазыцыйныя погляды і ня хочуць, каб ён «псаваў» калектыў.

Судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць Леаніда Аўтухова яшчэ летась, нягледзячы на тое, што штраф ён пакрысе выплачваў — па 10 тысяч штомесяц. Аднак два тыдні таму актывісту паведамілі, што гэта мала, і што ў яго будзе канфіскавана маёмасьць. Сёньня з хаты забралі кампутар і друкарку — іншых каштоўных рэчаў у апазыцыянэра не было, толькі неабходны для жыцьця сям’і мінімум: ложак, канапа, тэлевізар і г.д.

Ніякае нерухомай маёмасьці, якую можна было б прадаць, у апазыцыянэра таксама не засталося. Зь месяц таму невядомыя спалілі ягоную пілараму — некалі Леанід Аўтухоў быў прыватным прадпрымальнікам, пілаваў дровы і развозіў іх на продаж. Паводле высноваў Гарадоцкай службы МНС, быў зьдзейсьнены падпал. Аднак міліцыя, паводле спадара Аўтухова, шукаць злачынцаў не бярэцца — яму ўжо паведамілі, што знайсьці вінаватых немагчыма, а матэрыяльныя страты ацанілі ўсяго ў 350 тысяч рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG