Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: суды не задаволілі 11 скаргаў на фармаваньне ўчастковых камісіяў


Сёньня Кастрычніцкі суд Магілёва не задаволіў скаргу няўрадавай арганізацыі «Магілёўскі праваабарончы цэнтар» на адміністрацыю аднайменнага раёну абласнога цэнтру. Скаржнікі намагаліся ўключэньня ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў.

Усяго ў камісію праваабаронцы вылучалі трох актывістаў. Ніводзін туды ня трапіў.

Сяргей Фамін
Праваабаронца Сяргей Фамін: «Мы патрабавалі, каб адміністрацыя прадставіла суду ўсю дакумэнтацыю аб фармаваньні камісіяў, у тым ліку выпіскі з пратаколаў арганізацыяў, якія вылучалі ў камісіі людзей. Усе хадайніцтвы нашы былі адхіленыя. Высьветлілася, што адну нашу вылучэнку не зацьвярджалі, бо яна пэнсійнага веку, але ў той жа час ёсьць камісіі, дзе прадстаўленыя вэтэранскія арганізацыі. Двум астатнім нашым вылучэнцам адмовілі таму, што ў іх няма досьведу працы ў камісіі, але ў камісіях ёсьць васемнаццацігадовыя людзі. Мы даводзілі, што склад камісіяў не мяняецца на працягу доўгага часу і іхнія сябры маюць добры досьвед фальшаваньняў. Усе камісіі, па сутнасьці, падначаленыя выканаўчай уладзе. Яны створаныя паводле вытворчага прынцыпу: кіраўнік прадпрыемства альбо ўстановы і іх падначаленыя. Нашы довады не былі пачутыя».

Інтарэсы адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва прадстаўляла ў судзе намесьніца кіраўніка па ідэалягічнай працы Натальля Халецкая. Учора на пытаньне «Свабоды», ці лічыць яна прэтэнзіі праваабаронцаў абгрунтаванымі, яна адказала, што нічога ня ведае пра іх.

Суд праходзіў пад старшынствам судзьдзі Вікторыі Дзятковай.

Ад 8 лістапада два раённыя суды Магілёва разглядзелі шэсьць скаргаў мясцовых апазыцыянэраў. Ніводная не была задаволена. Пяць скаргаў пакінуў не задаволенымі і Крычаўскі раённы суд.
XS
SM
MD
LG