Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка атрымаў палітычны партрэт

абноўлена

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
У Менску прэзэнтавалі кнігу палітоляга Валера Карбалевіча «Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт». Сямітысячны наклад надрукаваны ў маскоўскім выдавецтве «Партизан» і ахоплівае ўсе этапы палітычнай кар’еры першага і пакуль што адзінага прэзыдэнта Беларусі. Выданьне рэзка дысануе зь іншай навінкай, якая днямі зьявілася ў кнігарнях — панэгірыкам расейскага гісторыка Роя Мядзьведзева «Аляксандар Лукашэнка. Контуры беларускай мадэлі».

Праца над кнігай заняла ў Валера Карбалевіча некалькі гадоў. На 2/3 кніга выдадзеная за ўласныя сродкі аўтара. Мэтазгоднасьць дасьледаваньня палітычнага фэномэну Лукашэнкі ён тлумачыць наступным чынам:
Гэта палітычны фэномэн, які патрабуе свайго дасьледаваньня…

«16 гадоў Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе. Прычым на мяжы ХХ—ХХІ стагодзьдзяў, у дзяржаве, якая месьціцца ў цэнтры Эўропы, перажывае вялікі этап трансфармацыі — пераходу ад адной сыстэмы да другой. У такі пэрыяд заставацца ля ўлады больш за паўтара дзясятка гадоў — гэта палітычны фэномэн, які патрабуе свайго дасьледаваньня. Увогуле пра палітыка, які так доўга знаходзіцца пры ўладзе, павінны быць напісаны ўжо дзясяткі кніжак. У нас жа фактычна (калі казаць пра сур’ёзныя кнігі) іх дзьве: Шарамета і Калінкінай „Выпадковы прэзыдэнт“ і Аляксандра Фядуты „Аляксандар Лукашэнка. Палітычная біяграфія“. Я лічу, што, па-першае, гэта вельмі мала. Па-другое, кнігі былі выдадзеныя гадоў 5–6 таму, а за гэты час адбылося шмат падзеяў і ў Беларусі, і вакол краіны. Таму існуе вострая неабходнасьць дасьледаваньня фэномэну Лукашэнкі».

Аляксандар Казулін і Анатоль Лябедзка

На 720 старонках аўтар робіць падрабязны экскурс у мінулыя падзеі, якія спрычыніліся да зьяўленьня на палітычнай арэне невядомага дзеяча, былога дырэктара саўгасу, а пазьней — дэпутата Вярхоўнага Савету Лукашэнкі. Адзін зь першых чытачоў кнігі Валера Карбалевіча — экс-кандыдат у прэзыдэнты на папярэдніх выбарах Аляксандар Казулін:
Лукашэнка — у кожным з нас …

«Калі ўважліва прачытаць гэтую кнігу, то псыхалягічны партрэт асобы Лукашэнкі вельмі добра праяўлены. І, канечне ж, вельмі добра праяўлены калектыўна партрэт грамадзяніна Беларусі. Несумненна, трэба разумець, што Лукашэнка — у кожным з нас. 16 гадоў пры ўладзе не Лукашэнка, а мы ў сваім самым яскравым і яўным праяўленьні. З гледзішча гісторыі гэтая кніга — ня проста публіцыстычная праца. Яна будзе прадметам абмеркаваньня на гістарычных факультэтах, у выніку чаго стануць зразумелымі сапраўдныя маштабы праўленьня за гэтыя 16 гадоў, пра што гісторыкі пакуль яшчэ ня пішуць. Калі быў сьведкам падзеяў, якія адбываліся (а я быў сьведкам многіх падзеяў), то, чытаючы кнігу, нібыта зноў перажываеш усё прамінулае. І разумееш, як шмат было момантаў, калі гісторыя нашай краіны магла зьмяніцца кардынальна, але з-за чалавечых амбіцый ці асабістых трагедый наша гісторыя выглядае такой, якая ёсьць».

Валер Карбалевіч і Ўлдазімер Някляеў

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты сёлетняга «прызыву» Ўладзімер Някляеў кнігу Карбалевіча ацэньвае так:

«Ёсьць насамрэч некалькі момантаў і адрозьненьняў яе ад папярэдніх выданьняў. Перадусім, зьмяншэньне суб’ектыўнасьці ў адносінах да аналізу і падзеяў, і сытуацыі, і самой асобы Лукашэнкі. Калі ў Шарамета гэта проста цалкам эмоцыі, непрыманьне, сьцьвярджэньне таго, што аўтар самы найлепшы, а герой ягоны — найгоршы, то тут істотнае адрозьненьне. Канечне, непазьбежная рэч — гэтыя нашы эмоцыі (бо мы ўсе жывыя людзі), але ў гэтым сэнсе яна больш вольная ад асабістых эмоцый, ацэнак, якія могуць зашкальваць унутры чалавека і выклікаюць не аналітычныя высновы, а чыста эмацыйныя, асабіста-суб’ектыўныя».

Валер Карбалевіч і Валянцін Жданко

Валер Карбалевіч добра вядомы нашым слухачам як аўтар і вядучы аналітычнай перадачы «Экспэртыза Свабоды». Кіраўнік бюро Радыё Свабода Валянцін Жданко падкрэсьлівае прафэсійныя якасьці аналітыка і лічыць, што ўсім наступным дасьледчыкам, якія захочуць прааналізаваць эпоху Лукашэнкі, давядзецца ўлічваць гэта дасьледаваньне:

«Хачу сказаць, што тым аўтарам, якія наважацца пісаць пра Лукашэнку і пра гэты адрэзак нашай гісторыі пазьней, пасьля Валера Карбалевіча, будзе складана. Я ня ведаю нават, ці хутка зьявіцца наступная кніга пра Лукашэнку, паколькі ў гэтыя 720 старонак укладзена вельмі шмат працы, працы дасьледчыцкай. І пісаць новую кнігу пра Лукашэнку, не паўтараючыся і не грунтуючыся на гэтым матэрыяле, фактычна немагчыма. Так што я віншую аўтара з гэтай несумненна вялікай, значнай працай, якая яшчэ будзе ацэненая».

Валер Карбалевіч прыводзіць сотні цытатаў і выказваньняў кіраўніка Беларусі, зь якіх яскрава вымалёўваецца палітычны партрэт героя кнігі. Ці, як удакладняе публіцыст Аляксандар Класкоўскі, для кагосьці — антыгероя:

«Калі аналізаваць вось гэтую гаму кніг пра Лукашэнку — хоць наконт гамы, напэўна, сказана гучна, але ёсьць шэраг кніг, прысьвечаных гэтаму герою ці, для кагосьці, антыгерою, — то палітра жанраў тут розная: ад апалягетыкі да непрыхавана „ядавітай“ сатыры. У дадзеным выпадку — гэта па магчымасьці аб’ектыўны і аргумэнтаваны аналіз. Калі гаворыцца пра хлусьню — дык вось вам, як на далоні. То бок той выпадак, калі, як кажуць, крыць няма чым. Так што аналіз жорсткі, аналіз суровы, але разам з тым — вельмі грунтоўны і вельмі падмацаваны».

Валер Карбалевіч не сьпяшаецца закрываць эпоху Аляксандра Лукашэнкі разам з апошняй старонкай сваёй кнігі. У апошнім разьдзеле «Ён ня можа сысьці» наўпрост гаворыцца: паколькі сам Лукашэнка сыходзіць не зьбіраецца, то гэтая кніга ня толькі пра цяперашні, але і пра будучы час Беларусі.

Амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан

Раней выйшла некалькі кніг пра дзейнага кіраўніка Беларусі, найбольшую вядомасьць зь іх атрымалі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» Аляксандра Фядуты і «Выпадковы прэзыдэнт» Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай. Танальнасьць аповедаў пра Лукашэнку палярна розная: ад напаўананімнага і абразьлівага «Нашэсьця» да ўзьнёслай публіцыстыкі расейскага гісторыка Роя Мядзьведзева і беларускіх аўтараў Уладзімера Якутава, Міхася Шэлехава, Міколы Жыгоцкага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG