Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кустурыца ня ўпэўнены, што здыме фільм пра Лукашэнку


Эмір Кустурыца ў менскім аэрапорце.

Эмір Кустурыца ў менскім аэрапорце.

Пра гэта сэрбскі рэжысэр Эмір Кустурыца заявіў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску ў адказ на пытаньне карэспандэнта парталу Tut.by, ці цікава было б яму зьняць кіно пра прэзыдэнта Беларусі.

«Звычайна я раблю фільмы, калі адчуваю, што ёсьць падстава, каб з гэтага зрабіць фільм. Я ўсё яшчэ пад уладай Дастаеўскага», адзначыў Кустурыца, пачынаючы гаварыць пра карціну, якую ён хацеў бы зьняць.

«Гэта быў бы сучасны фільм пра тое, як пакараныя тыя, хто любіць Дастаеўскага. Карціна складаецца з трох гісторый: пра маладога чалавека, які хоча зьняць фільм „Злачынства і пакараньне“, пра дзяўчыну, на якую сышло зьверху, што яна павінна зацяжарыць ад унука Дастаеўскага, пра Івана Карамазава, які стаў манахам, але здымае расу»,— распавёў сэрбскі госьць XVII Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад-2010».

Адразу пасьля прылёту ў беларускую сталіцу ён сустрэўся з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. На наступны дзень ён правёў майстар-клясу для студэнтаў Акадэміі мастацтваў.

Сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам Кустурыца назваў «вельмі прыемнай».

«Гэта была сустрэча зь вельмі моцным чалавекам. Можа быць, камусьці гэта не падабаецца, але ён вельмі моцная асоба. Я памятаю яго яшчэ з тых часоў, калі ён падтрымаў наш народ у час бамбёжак. За гэта я яму вельмі ўдзячны», — адзначыў рэжысэр.

На сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі Кустурыца выказаў словы сымпатыі да Беларусі. Кустурыца — прыхільнік тэорыі, паводле якой, краіне настолькі лепей, наколькі павольней краіна прасоўваецца да капіталізму.

«У вас гэта акурат не ідзе хуткімі тэмпамі», — падкрэсьліў ён.
У нас з вамі, у сэрбаў зь беларусамі, ёсьць шмат чаго агульнага.


На думку праціўніка вялікіх карпарацый Эміра Кустурыцы, такімі, як Менск, павінны былі б выглядаць усе гарады сьвету:

«Я вялікі прыхільнік Беларусі, — заявіў сэрбскі рэжысёр. — Паколькі ваша краіна вельмі акуратна прымае капіталізм у свае шэрагі, у нас з вамі, у сэрбаў зь беларусамі, ёсьць шмат чаго агульнага. Так што можаце лічыць, што ў вас ёсьць прыхільнік».

Паводле Кустурыцы, яго палітычныя перакананьні — «левыя, інтэрнацыянальныя». Ён верыць «у добрага чалавека, ва ўтапічную карціну сьвету, у ідэалізм настолькі ж, наколькі і ў мараль. І гэта ўсё насупраць тэндэнцыям сучаснага сьвету».

Госьць з Сэрбіі атрымаў адну з галоўных узнагарод кінафэстывалю «Лістапад» — спэцыяльны прыз кіраўніка Беларусі «За захаваньне і разьвіцьцё традыцый духоўнасьці ў кінамастацтве».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG