Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы пішуць пра разварот Беларусі на Захад і яе эканамічны цуд


Паводле нямецкіх аглядальнікаў, на асьцярожны разварот на Захад Менск вымушаны быў пайсьці з-за канфлікту з Масквой.

Нямецкая Süddeutsche Zeitung адзначае, што вось ужо 16 гадоў Лукашэнка кіруе дзяржавай, якая мяжуе з ЭЗ і пры гэтым застаецца для многіх terra incognita. Аднак у апошнія тыдні Лукашэнка зрабіў у краіне штосьці кшталту «дзён адчыненых дзьвярэй» для высокіх заходніх палітыкаў, журналістаў, бізнэсоўцаў…

Падобна, што з братняй Расеяй Лукашэнка пасварыўся, а таму асаблівае значэньне для Менску цяпер набывае Захад. Захад жа ў сваю чаргу зацікаўлены ў тым, каб гэтым разам прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі сумленнымі. Таму ён авансам паабяцаў Менску дапамогу ў памеры 3 мільярдаў эўра.

Паводле выданьня Financial Times Deutschland, канфлікт з Масквой прымусіў Менск распачаць асьцярожны разварот на Захад. Нядаўна, упершыню за апошнія 15 гадоў, Беларусь наведаў міністар замежных спраў ФРГ Гіда Вэстэрвэле. Таксама Лукашэнка прапанаваў эўрапейскім інвэстарам праявіць актыўнасьць у яго краіне.

У часе размовы з журналістамі беларускі кіраўнік Лукашэнка заявіў, што Масква, маўляў, ніяк не прызвычаіцца да таго, што Беларусь — гэта сувэрэнная, незалежная дзяржавай, а таму Крэмль у чарговы раз паказаў сваё сапраўднае аблічча.

У сувязі з заявай кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мядзьведзева адносна таго, што Расея не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 19 сьнежня, калі тыя ня будуць свабоднымі і сумленнымі, Лукашэнка заявіў, што Беларусь зусім не настойвае на такім прызнаньні.

Тым часам выданьне Neue Osnabrücker Zeitung, якое выдаецца на радзіме нямецкага прэзыдэнта, сябра ХДС Крысьціяна Вульфа і знаходзіцца ў так званым кансэрватыўным палітычным мэйнстрыме, зьмясьціла сёньня артыкул, прысьвечаны «сакрэту беларускага эканамічнага цуду».

Газэта адзначае, што Беларусь за 16 гадоў кіраваньня Лукашэнкі дамаглася пэўнага эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу. МВФ ухваляе рэформы, якія праводзіць Менск, і паступовую прыватызацыю ў краіне. Паводле дадзеных ААН, у Беларусі, у параўнаньні зь іншымі краінамі СНД, высокі ўзровень жыцьця, а сярэдні штомесячны даход за апошнія 10 гадоў вырас з 20 даляраў да 225. Летась сярэдні штомесячны заробак павялічыўся прыкладна да 350 даляраў.

Выданьне цытуе дэпутата нямецкага Бундэстагу ад ХДС Георга Шырмбэка, які неаднойчы бываў у Беларусі і адзначае пазытыўнае разьвіцьцё краіны ў галіне сельскай і лясной гаспадаркі. Палітык перакананы, што разам з Украінай Беларусь можа зрабіць «вялікі ўнёсак у барацьбу з галечай ва ўсім сьвеце».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG