Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адхілены ад прэзыдэнцкіх выбараў віцебскі прадпрымальнік Уладзімер Правальскі, амаль усе подпісы якога былі забракаваны выбарчымі камісіямі, заявіў сёньня «Свабодзе», што не атрымаў пакуль ніякага афіцыйнага тлумачэньня. А калі атрымае, то паводле ягоных слоў, будзе абавязкова судзіцца.

Тым часам на Гарадзеншчыне, Магілёўшчыне і ў іншых рэгіёнах актывісты апазыцыі і сёньня аспрэчвалі ў судах вынікі фармаваньні ўчастковых камісій.

ВІЦЕБШЧЫНА


Уладзімер Правальскі: «Матываванай адмовы мне пакуль не далі»

Віцебскі прадпрымальнік Уладзімер Правальскі, не зважаючы на ранейшыя выказваньні прадстаўнікоў Цэнтравыбаркаму, чакае афіцыйнага адказу, ці зарэгіструюць яго кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах. Ён разьлічвае, што адмова ў праве балятавацца будзе пісьмовай і аргумэнтаванай — тады ён будзе зьвяртацца ў суд:

Уладзімер Правальскі
«Канечне, мусяць ці зарэгістраваць мяне ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, ці адмовіць, але выдаць пры гэтым матываванае рашэньне. Я падкрэсьліваю: матываванае! Але я прагназую па досьведзе ўдзелу ў мінулых мясцовых выбарах — я балятаваўся ў дэпутаты — могуць увогуле ніяк не адрэагаваць. Нічога не напісаць, і ўсё! Так і здарылася на мясцовых выбарах — матываванай адмовы мне не далі».

Уладзімер Правальскі згадвае, што меркаваў балятавацца ў абласны савет на мінулых выбарах. Але, паводле ягоных слоў, «дакумэнты камісіяй нават не разглядаліся», і нават кандыдатам у дэпутаты ён ня стаў.

Нагадаем, паводле агучаных Цэнтральнай выбарчай камісіяй зьвестак, толькі 700 подпісаў за вылучэньне Ўладзімера Правальскага сапраўдныя, астатнія — ксэракопіі.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Адмовілі руху БНФ «Адраджэньне», партыі «Справядлівы сьвет».

Кастрычніцкі раённы суд Магілёва пакінуў без задавальненьня скаргі Партыі левых «Справядлівы сьвет» ды руху «БНФ «Адраджэньне». Праз суд скаржнікі намагаліся зьмяніць пастанову адміністрацыі Кастрычніцкага раёну аб фармаваньні ўчастковых камісіяў, каб уключыць туды сваіх прадстаўнікоў.

У 69 участковых камісіях раёну вылучаўся 31 апазыцыянэр з чатырох арганізацыяў. Ніводзін зь іх у камісіі ня трапіў. Паводле скаржнікаў, створаныя камісіі ня могуць забясьпечыць роўнасьць канкурэнцыі ўсіх прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва. Адміністрацыю скаржнікі вінавацяць у парушэньні выбарчага заканадаўства й Канстытуцыі.

Фактычна ў судзе мы даказалі, што ўсе камісіі створаныя пад аднаго прэтэндэнта ў прэзыдэнты.
«Фактычна ў судзе мы даказалі, што ўсе камісіі створаныя пад аднаго прэтэндэнта ў прэзыдэнты. Камісіі створаныя паводле вытворчага прынцыпу: работнік, дырэктар, намесьнік дырэктара аднаго прадпрыемства. Яны зыходзілі толькі з эканамічнага абгрунтаваньня тэхнічнай працы ў камісіі. Я ў іх пытаўся: «А давер да выбараў вы зьбіраецеся забясьпечваць? Чаму вы не ўключылі апазыцыю?» — «Мы гэта не прымалі пад увагу!»,— зазначае прадстаўнік Фронту на судзе, праваабаронца Барыс Бухель.

Прычынамі неўключэньня апазыцыянэраў адміністрацыя называла адсутнасьць адпаведнага досьведу працы, пэнсійны ўзрост вылучэнцаў, а таксама адсутнасьць сталага месца працы.

Судзьдзі Натальля Канцэдал, Аляксандар Раманаў у сваіх выраках довады скаржнікаў назвалі неабгрунтаванымі й пакінулі іх без задавальненьня.

Сёньня гэткі жа вырак Крычаўскі раённы суд вынес яшчэ па дзьвюх скаргах, пададзеных Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. 9 лістапада гэты ж суд не задаволіў тры скаргі руху «БНФ «Адраджэньне». 8 лістапада Ленінскі суд Магілёва таксама не задаволіў скаргі Партыі левых «Справядлівы сьвет», руху «БНФ «Адраджэньне» ды няўрадавай арганізацыі «Магілёўскі праваабарончы цэнтар».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Сёньня суды скончыліся безвынікова

У Горадні толькі 6 прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і рухаў уключаныя ва ўчастковыя камісіі, больш як сотні адмоўлена. Прадстаўнікі апазыцыі сёньня ў судах нічога не дамагліся.

У Горадні сёньня судовыя працэсы па разглядзе скаргаў ад прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партый вяліся з раніцы, а потым яшчэ і пасьля абеду. Станоўчых для апазыцыі вынікаў не было.

Уладзімер Хільмановіч
У Ленінскім судзе прадстаўнік БСДГ Уладзімер Хільмановіч заявіў, што, па сутнасьці, на сёньняшні дзень выбарчыя камісіі Ленінскага раёну юрыдычна не сфармаваныя, бо галасаваньне за зацьверджаньне складу камісій не вялося:

«Юрыст гарвыканкаму не магла ўцямна адказаць на ніводнае маё пытаньне. Я пытаўся — у які момант зацьвярджалі і калі галасавалі за склад камісій? Я зьвярнуў увагу суду на гэты факт, аднак ніхто не захацеў у гэтым разьбірацца, выклікаць дадатковых сьведак».

Падобныя рашэньні былі вынесеныя і ў іншых судовых працэсах, дзе скаргі падавалі прадстаўнікі дэмакратычных партый.

Адметна, што ў Горадні ў выбарчых камісіях 74% складаюць жанчыны. Прадстаўнікі апазыцыі тлумачаць гэта тым, што жанчыны больш залежныя ад улады з-за сацыяльных праблем.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Цяпер чарга за абласнымі судамі

Суды першай інстанцыі на Гомельшчыне адхілілі практычна ўсе скаргі на фармаваньне ўчастковых камісіяў. Скаргаў у суд было 6 — ад грамадзянаў і ад партыйных арганізацыяў.

Валер Рыбчанка
Гаворыць кіраўнік Жлобінскай раённай арганізацыі «Справядлівага сьвету» Валер Рыбчанка:

«На судзе прадстаўнік райвыканкаму сказаў, што мінулым разам адна з нашых вылучэнцаў была ў камісіі й сваімі дзеяньнямі дэстабілізавала працу камісіі. Я, канечне, патлумачыў суду, што гэта было зусім ня так. Дэстабілізаваў працу камісіі старшыня сельскага савету, які нават ня быў сябрам камісіі.

Вылучэнка ад нашай партыі прынцыпова паставілася да выкананьня сваіх абавязкаў і выявіла шмат парушэньняў падчас мінулай выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы».

Судзьдзя Сьняжана Галавенчык, якая разглядала скаргу раённай арганізацыі Партыі левых, назвала прэтэнзіі «надуманымі».

Цяпер жлобінскія актывісты зьвяртаюцца са сваімі скаргамі ў абласны суд.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Агітацыі яшчэ няма — улёткі супраць апазыцыі ўжо зьявіліся

Інфармацыйныя ўлёткі правакацыйнага зьместу супраць актывістаў альтэрнатыўных кандыдатаў зьяўляюцца цяпер у Берасьці.

Сябра ініцыятыўных груп адразу некалькіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта па Берасьцейшчыне Віктар Чайкоўскі знайшоў у сваёй паштовай скрыні ўлётку зь лягатыпам кампаніі «Гавары праўду», у якой распаўсюджваецца інфармацыя пра нібыта нядобрасумленную палітычную дзейнасьць актывіста:

«Ва ўлётцы пад імем Мікалая Каўша, каардынатара кампаніі „Гавары праўду“, напісана, што я нібыта адначасова ў чатырох штабах быў, людзей па грашах абманваў. Нібыта расцэнкі адны, а я людзям гаварыў пра іншыя. Яшчэ таксама — нібы супрацоўнічаю са спэцслужбамі. І гэтак далей».

У Берасьці раней ужо зьяўляліся падобныя ўлёткі пад лягатыпам «Гавары праўду!» Тады яны былі накіраваныя супраць Арцёма Церашонка. Як тады, так і цяпер у выходных дадзеных пазначана, што аддрукаваныя ўлёткі нібыта ў расейскім горадзе Ліпецку ў друкарні «Букініст».
XS
SM
MD
LG