Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб набыць “Форд”, беларусу трэба працаваць 3,5 гады, паляку — 10 месяцаў


Індэкс сацыяльнага дабрабыту «Іванаўна» і камэнтары да яго прадставілі сёньня журналістам Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, і Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія». Эканамісты выказалі свае рэкамэндацыі ўладам — як зрабіць так, каб беларус зарабляў удвая болей, чым сёньня.

Індэкс сацыяльнага дабрабыту невыпадкова атрымаў імя «Іванаўна». Як патлумачыў Яраслаў Раманчук, такім назовам хацелася падкрэсьліць — ён мае дачыненьне да кожнага жыхара Беларусі. Для разьліку ўзялі 35 базавых тавараў і паслуг. Сярод іх, напрыклад, чорны хлеб, малако, алей, мужчынскі касьцюм і жаночыя боты, аўтамабіль, кампутар, аплата камунальных паслуг... Эканамісты разьлічылі, колькі часу трэба працаваць беларусу, каб зарабіць на ўсё гэта, і параўналі з бліжэйшымі суседзямі: на ўсходзе — з Расеяй, на захадзе — з Польшчай.

Сёлета, каб скарыстацца комплексам з вызначаных тавараў і паслуг, жыхар Беларусі мусіць працаваць амаль 20 год. Але гэта на 13 год меней параўнальна з 2005 годам, заявіў Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
«Але калі мы паглядзім на тое, як у той жа час разьвіваліся іншыя краіны, Польшча, Расея, эўрапейскія і азіяцкія краіны, то мы ўбачым, што яны разьвіваліся хутчэй. І мы не дайшлі яшчэ нават да роўню сярэдніх краін Эўразьвязу. Наш ровень сацыяльнага дабрабыту 25-30% ад роўню краін Эўразьвязу, ад роўню краін, якія яшчэ на пачатку 90-х гадоў выбралі іншую мадэль. Гэта мадэль грунтуецца на дэмакратыі, эканамічнай свабодзе, на прыватнай уласнасьці і, безумоўна, на эканамічнай інтэграцыі з усім сьветам».

Яраслаў Раманчук прывёў канкрэтны прыклад зь легкавым аўтамабілем:

«Бярэм стандартна „Форд-Фіесту“. Каб яго набыць у 2010 годзе, трэба працаваць 3,5 гады. У 2005 годзе на такі ж аўтамабіль трэба было працаваць 6 гадоў. Бачна, што сытуацыя палепшылася. А ў Расеі, каб цяпер набыць такое аўто, трэба працаваць 2 гады і 3 месяцы. А ў Польшчы — усяго 10 месяцаў. Вось і розьніца — 3,5 году і 10 месяцаў».

Паслухаўшы эканамістаў, я спытаўся ў іх, як можна супаставіць іх дадзеныя з міжнародным індэксам «Легатум», дзе Беларусь займае даволі высокае месца?

Спадар Раманчук патлумачыў: гэты індэкс рыхтуюць вядомыя амэрыканскія і ангельскія спэцыялісты:

«Беларусь паднялася так высока, таму што там ёсьць паказьнікі, якія нават у Індэксе разьвіцьця чалавечага патэнцыялу зьяўляюцца вельмі важнымі. Гэта сыстэма аховы здароўя, бясьпека, інфраструктура для разьвіцьця бізнэсу. І гэта элемэнты, якія сапраўды ў нас ёсьць.І мы таксама кажам, што гэта лепшае, што ёсьць у нашай краіне.

Але калі мы кажам, напрыклад, пра дзелавы клімат, магчымасьць рэалізаваць бізнэс-праекты, права ўласнасьці, то тут Беларусь адразу ў другой сотні апынецца».

А Леанід Заіка дадаў да гэтага: Беларусь засядзелася на старце, і цяпер кожны крок штурхае яе ўперад. У якасьці канкрэтнага прыкладу эканаміст прывёў такі: цяпер справаздачу беларускі бізнэс робіць раз на квартал, а не штомесяц, як раней. І гэта прасоўвае краіну па ступенях розных рэйтынгаў. Але, як падкрэсьліў кіраўнік цэнтру «Стратэгія», такі парадак можна было ўсталяваць яшчэ 15 гадоў таму.
XS
SM
MD
LG