Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пагадзілася пералічваць сваё мыта на нафту і нафтапрадукты ў расейскі бюджэт. Таксама афіцыйны Менск прагназуе, што ў 2011 годзе цана расейскага газу для Беларусі складзе 210–220 даляраў за тысячу кубамэтраў. Ці азначае гэта, што нафтагазавыя пытаньні паміж Беларусьсю і Расеяй вырашаныя?

Начальнік дэпартамэнту падатковай і мытна-тарыфнай палітыкі Міністэрства фінансаў Расеі Ілья Трунін заявіў: усе ўдзельнікі Мытнага саюзу пагадзіліся з тым, што Беларусь будзе пералічваць сваё мыта на нафту і нафтапрадукты ў расейскі бюджэт. Маўляў, цяпер ідзе тэхнічная прапрацоўка гэтага мэханізму. Раней намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў заявіў, што ў гэтым выпадку Беларусь зможа атрымліваць бязмытную нафту. Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка называў такі варыянт «крайнім, найгоршым» для Беларусі. Тое, што цяпер ідзе прапрацоўка мэханізму пералічэньня мыта, сьведчыць пра тое, што апошняя кропка ў гэтай справе не пастаўленая. Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, напрыканцы году можна чакаць нафтавай вайны з Расеяй.

«Ад пачатку году будзе працаваць нафтаправод у абход Беларусі, хаця яшчэ ў выпрабавальным рэжыме, і таму Расея будзе менш залежаць ад Беларусі. Расейскія ўлады будуць менш лічыцца зь беларускімі ўладамі. Гэта не гандлёвая вайна. Але спрэчкі будуць у большай ступені вырашацца з пазыцыі сілы, чым гэта было раней.
Cпрэчкі будуць у большай ступені вырашацца з пазыцыі сілы, чым гэта было раней.
Адносна Расеі беларускія ўлады вядуць сябе ня вельмі карэктна. І таму тут могуць быць і неэканамічныя матывы гэтых спрэчак з боку расейскіх уладаў».

Тое, што падпісаньне дамоўленасьцяў аб пастаўках нафты адкладаецца, сьведчыць пра тое, што расейскі ўрад чакае вынікаў выбараў у Беларусі і далейшага разьвіцьця стасункаў.

«А што будзе пасьля выбараў, цяжка адказаць. Калі яны не прызнаюць легітымнымі гэтыя выбары, то гэта будзе адразу значнае пагаршэньне стасункаў паміж Расеяй і Беларусьсю. І там эканамічныя матывы ўжо ня будуць вырашальнымі. А могуць кіравацца палітычнымі, геапалітычнымі матывамі — як Расея, так і Беларусь».

Пакуль няма пэўнасьці і наконт цаны на расейскі газ. Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка, як і падчас прэсавай канфэрэнцыі кіраўніка Беларусі расейскім мэдыям, зноў заявіў, што ў 2011 годзе цана расейскага газу для Беларусі складзе 210–220 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэта на 30–40 даляраў меней за прагноз, які прагучаў на сходзе акцыянэраў газавай манаполіі. Таксама беларускі бок заяўляе пра намер павялічыць кошт транзыту расейскага газу празь Беларусь.

У расейскім «Газпроме» пакідаюць прагнозы беларускага боку без камэнтароў. Таксама там не рассакрэчваюць сутнасьць беларускіх прапаноў па газавай тэматыцы. Прадстаўнік прэсавай службы «Газпрому» Дзяніс Ігнацьеў сказаў:

«У нас цана газу будзе вызначацца паводле формулы цаны, якая закладзеная ў доўгатэрміновым кантракце. Гэта стандартная формула для ўсіх газавых кантрактаў».

Паводле эканамічнага аглядальніка газэты «Беларусы і рынак» Тацяны Манёнак, складана думаць, што спэцыялісты «Газпрому» так памыляліся з разьлікамі, калі агучвалі цану ў 250 даляраў. Аднак, магчыма, скарэктавалі яе.

«Гэты кошт у 220 даляраў даволі прымальны для Беларусі, улічваючы тое, што насамрэч адыходзіць ад формулы Расея ня будзе і нейкія паслабленьні Беларусі таксама рабіцца ня будуць. І Сямашка казаў, што ёсьць яшчэ нейкія прапановы для „Газпрома“ ў межах гэтых перамоваў. Я думаю, што беларускі бок спрабуе нешта прапанаваць „Газпрому“, каб атрымаць больш ільготныя, камфортныя ўмовы. Я ня думаю, што газавая вайна можа быць напрыканцы гэтага — пачатку наступнага году. Толькі ў тым выпадку, калі ня будзе канфліктных момантаў па падвышэньні цаны на транзыт прыроднага газу. Бо Сямашка ўжо заявіў, што транзыт будзе падвышаны. Але ж трэба падпісаць дадатковыя пагадненьні да кантракту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG