Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль не пачалася афіцыйная агітацыя на выбарах прэзыдэнта Беларусі, патэнцыйныя кандыдаты актывізуюць дзейнасьць у віртуальнай прасторы — ствараюць сайты, далучаюцца да сацыяльных сетак, разьмяшчаюць ролікі на Youtube, знаходзяць сабе новых прыхільнікаў праз інтэрнэт.

У часе апошніх выбараў прэзыдэнта ЗША ўпершыню масава і эфэктыўна былі выкарыстаныя магчымасьці, якія дае інтэрнэт-камунікацыя. Арганізатар гэтай кампаніі, паплечнік Барака Абамы Джо Роспарс назваў гэтыя магчымасьці "новымі мэдыямі" — дадатковымі рычагамі, якія дапамагаюць дайсьці да большай колькасьці людзей, далучыць іх да дзейнасьці, усталяваць двухбаковую сувязь і падтрымліваць кантакты ў рэальным часе. Падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі ва Ўкраіне новыя мэдыі актыўна выкарыстоўвала Юлія Цімашэнка, аднак, у адрозьненьне ад Барака Абамы, перамагчы зь іх дапамогай не змагла.

У Беларусі, дзе інтэрнэт застаўся апошняй выспай свабоды слова, апазыцыйныя палітыкі даўно ўзялі на ўзбраеньне яго магчымасьці, а цяпер, у разгар прэзыдэнцкай кампаніі, — інтэнсыфікуюць сваю прысутнасьць у віртуальнай прасторы.

Кандыдат ад БХД Віталь Рымашэўскі нядаўна разьмясьціў на Youtube свае перадвыбарчыя відэазвароты і стварыў адмысловы перадвыбарчы сайт. Кампанія Рымашэўскага праходзіць яшчэ ў сямі сацыяльных сетках і сэрвісах: "Жывым журнале", "Фэйсбуку", "Твітэры" і інш. Зразумела, што самастойна ўсё гэта Рымашэўскі весьці ня можа:

"Безумоўна, ва ўсіх інтэрнэт-праектах мне дапамагае мая каманда і штаб. Адзінае, што я хачу адзначыць, што на пытаньні, безумоўна, я адказваю сам. Альбо па тэлефоне, альбо наўпрост пішу часам. Раз на два дні ў мяне ёсьць вольная гадзіна ўвечары. Але часьцей за ўсё мне пераказваюць пытаньні па тэлефоне, а я надыктоўваю адказы".

Актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя сайты і сэрвісы ў інтэрнэце і іншыя кандыдаты. Андрэй Саньнікаў мае моцную інфармацыйную падтрымку на сайтах "Хартыі-97" і "Эўрапейскай Беларусі", але дзейнічае і ў сацыяльных сетках: напрыклад, у "Твітэры" і "Фэйсбуку" ў рэальным часе ён паведамляў пра сустрэчу з польскім і нямецкім міністрамі замежных спраў.

Іншы кандыдат, Уладзімер Някляеў, перакананы, што ў беларускіх умовах інтэрнэт можа дадаць кандыдату 20—25 адсоткаў галасоў. Спадар Някляеў мае свой пэрсанальны сайт, а таксама хоча прысутнічаць ва ўсіх магчымых сэрвісах і сетках — і самастойна, і з дапамогай каманды:

"У мяне ёсьць і свой блог, я і ў "Твітэры", і ў "Фэйсбуку", і ва ўсіх розных "Аднаклясніках" і "Мир тесен". Карацей, усё, што можна скарыстаць у інфармацыйнай, закрытай для нас у шырокім сэнсе, прасторы, мы скарыстоўваем, таму што разумеем, што ў сёньняшніх выбарах — ня выбарах, а барацьбе — нам неабходны кожны жывы чалавек".

Паводле спадара Някляева, найбольш эфэктыўнымі будуць сацыяльныя сеткі ў часе арганізацыі масавых пратэстаў супраць несправядлівых выбараў.

Рыгор Кастусёў перад выбарамі адмыслова далучыўся да "Фэйсбуку". На іншае часу не хапае, кажа ён. А "Фэйсбук" ён выкарыстоўвае для кантактаў з прыхільнікамі.

Яраслаў Раманчук мае перадвыбарчы сайт, вядзе блогі на TUT.by, на сайце АГП, у "Жывым журнале", прысутнічае амаль ва ўсіх сацыяльных сетках. У "Фэйсбуку" створаная кампанія "Раманчука ў прэзыдэнты", у ЖЖ дзейнічае дыскусійны клюб Яраслава Раманчука, каманда кандыдата наладзіла бясплатную смс-рассылку навінаў кампаніі…

Спадар Раманчук перакананы, што менавіта новыя мэдыі, а таксама так званае "сарафаннае радыё" дапамогуць дэмакратам здабыць перамогу ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі на звычайныя СМІ:

"Я думаю, што гэта ахоплівае аўдыторыю недзе 2,5—3 мільёны патэнцыйных выбарцаў, людзей, якія цікавяцца альбо кожны дзень, альбо час ад часу, ускосна, пасіўна тым, што адбываецца ў нашай краіне".

Магчыма, адзіны з апазыцыйных кандыдатаў, які сьвядома ігнаруе новыя мэдыі, — Мікола Статкевіч. Па-першае, ён перакананы, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма — ёсьць толькі нагода для палітызацыі грамадзтва. А па-другое, ня верыць у актыўнасьць віртуальнай аўдыторыі:

"У сацыяльных сетках я не працую прынцыпова, таму што ведаю, што людзі, якія шмат часу праводзяць у іх, яны, як кажуць, і жывуць у інтэрнэце, дый у нас іх ня так ужо шмат... Уся іх актыўнасьць якраз і завяршаецца інтэрнэтам, яны выяўляюць яе ў камэнтах, на форумах. І ўсё".

Прынцыпова не вядзе ніякіх блогаў і дзейны кіраўнік ды кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Лукашэнка. Нядаўна ў інтэрвію расейскім журналістам ён паведаміў, што яму дастаткова і афіцыйнага сайту.

Спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфэр выказаў "Свабодзе" перакананьне, што пакараць кагосьці з кандыдатаў за дачасную агітацыю ў інтэрнэце немагчыма, бо цяперашні Выбарчы кодэкс не рэгулюе правядзеньне агітацыйных кампаній у віртуальнай прасторы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG