Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Уступіла ў дзеяньне судовае рашэньне аб ліквідацыі ўстановы "Рух наперад", у межах якой дзейнічае кампанія "Гавары праўду". Гэта адбылося пасьля таго, як 10 лістапада апэляцыйная калегія Менскага гаспадарчага суду пацьвердзіла ранейшае рашэньне аб ліквідацыі ўстановы.

Апэляцыйную калегію, якая адхіліла скаргу ўстановы "Рух наперад", узначальваў намесьнік старшыні Менскага гаспадарчага суду Сяргей Кулакоўскі. Уваходзілі ў калегію судзьдзі Андрэй Плотнікаў і Тацяна Кізевіч. Дарэчы, судзьдзі адмовіліся паўтарыць гучна свае прозьвішчы пасьля таго, як было агалошана рашэньне. На пачатку працэсу прозьвішчы судзьдзяў прагучалі неразборліва, затое прысутных журналістаў сакратар суду старанна перапісала.

Якія аргумэнты выказвалі бакі адносна рашэньня аб ліквідацыі арганізацыі?

Адвакат Віктар Сазонаў, які бараніў інтарэсы "Руху наперад", даводзіў судзьдзям дзьве асноўныя тэзы. Першая — што закон ня ўводзіць крытэрыяў адносна выбару арандаванай плошчы, каб атрымаць юрыдычны адрас арганізацыі: гандлёвая гэта плошча, офісная ці нейкая іншая. Віктар Сазонаў спаслаўся на прыклады, калі фірмы рэгіструюцца нават на плошчы плавальных сродкаў. Другая тэза тычыцца правілаў рэгістрацыі. У законе сказана, што заяўнік павінен паведаміць дакладныя зьвесткі адносна плошчы, на якой зьбіраецца зарэгістравацца. Тут прэтэнзіяў да ўстановы "Рух наперад" няма, таму і патрабаваньне Менгарвыканкаму аб ліквідацыі арганізацыі адвакат лічыць беспадстаўным.

Паводле прадстаўніка Менгарвыканкаму Дзьмітрыя Антаневіча, установа "Рух наперад" "безадказна" паставілася да выбару памяшканьня для рэгістрацыі, бо функцыянальная прыналежнасьць абранай плошчы была нібыта гандлёвай. Адносна прыкладу зь фірмамі, якія зарэгістраваныя на плошчы плавальных сродкаў, кіраўнік юрыдычнай управы Менгарвыканкаму сказаў, што "гэты прыклад ня мае дачыненьня да справы".

У спрэчках адвакат Сазонаў папрасіў спадара Антаневіча назваць дакладны закон, які абавязвае арандаваць для рэгістрацыі юрыдычнага адрасу фірмы памяшканьне з пэўнай функцыянальнай прыналежнасьцю. Адказу ніхто з прысутных на працэсе не пачуў.

Пасьля суду з такім жа пытаньнем я зьвярнуўся да Дзьмітрыя Антаневіча. Чыноўнік сказаў, што "для камэнтароў у яго ёсьць прэсавая служба".

Вось як пракамэнтавала рашэньне калегіі Менскага гаспадарчага суду намесьнік дырэктара ўстановы "Рух наперад" Ніна Пахлопка:

Ніна Пахлопка
"Лічу гэтае рашэньне палітычным. Больш за тое, яго яўна спусьцілі зьверху, і гэтае рашэньне накіраванае найперш супроць Уладзімера Някляева як кандыдата".

Заснавальнік установы "Рух наперад" Кацярына Вашчэйка распавяла, чаму, каб зарэгістравацца, былі абраныя менавіта тыя плошчы, да якіх зараз мае прэтэнзіі Менгарвыканкам:

"У дадзеным памяшканьні, літаральна празь сьценку, па тым жа юрыдычным адрасе, што і мы, знаходзіцца Дэльта-банк. Мяркую, падчас рэгістрацыі гэтай арганізацыі яе правяралі гэтак жа дакладна, і ў банку вельмі дасьведчаныя юрысты. Таму лепшага крытэрыю пры выбары месца рэгістрацыі нельга было і знайсьці".

З 10 лістапада рашэньне аб ліквідацыі рэгістрацыі ўстановы "Рух наперад" увайшло ў дзеяньне, хаця арганізацыя яшчэ можа падаць касацыйную скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд. Кіраўнікі "Руху наперад" заявілі, што абавязкова гэта зробяць, але найперш закон абавязвае іх стварыць ліквідацыйную камісію для ліквідацыі арганізацыі.



Рэальна ўстанова "Рух наперад" ня дзейнічае з траўня, калі быў апячатаны офіс арганізацыі, арыштаваныя яе рахунак, пячатка ды ўсё офіснае абсталяваньне. Магчымы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў — дырэктар установы "Рух наперад" — раней заявіў, што ліквідацыя ўстановы "пэўна, перашкодзіць ягонай дзейнасьці, але ня спыніць яе".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG