Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін Расеі: Беларусь згодная пералічваць экспартнае мыта на нафтапрадукты ў бюджэт РФ


Беларусь згодная пералічваць у расейскі бюджэт экспартнае мыта з усяго аб'ёму экспартаванай нафты і нафтапрадуктаў, паведаміў начальнік дэпартамэнту падатковай і мытна-тарыфнай палітыкі Мінфіну РФ Ілья Трунін.

Трунін кажа, што гэта адзін з 5 прынцыпаў, зь якімі пагадзіліся ўсе ўдзельнікі Мытнага саюзу.

"Першы прынцып — што ўзаемны гандаль павінен ажыцьцяўляцца без спагнаньня экспартнага мыта. Другі прынцып — мы (Расея) захоўваем сваё права павялічваць экспартнае мыта на нафту і нафтапрадукты да вывазной пошліны на нафту. Трэці прынцып — што Беларусь ня робіць намаганьняў, каб субсыдыяваць сваю нафтаперапрацоўку. Чацьвёрты прынцып зьвязаны з тым, што мы, калі прымем рашэньне падвысіць мыта на нафтапрадукты да пошліны на нафту, маем права субсыдыяваць сваю нафтаперапрацоўку. Пяты прынцып — што беларусы спаганяюць пошліны на нафту і нафтапрадукты з усяго аб'ёму экспарту і пералічваюць іх у расейскі бюджэт", — агучыў прынцыпы Трунін, перадае ПРАЙМ-ТАСС.

Раней міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў заяўляў, што краіна можа пагадзіцца пералічваць у расейскі бюджэт 100% экспартнага мыта на нафтапрадукты ў абмен на адмову Расеі ад экспартнага мыта на нафту для Беларусі.

Пра гатоўнасьць Расеі адмовіцца ад экспартнага мыта на нафту для Беларусі ў абмен на ўсё мыта, якое Беларусь будзе атрымліваць ад экспарту сваіх нафтапрадуктаў, заявіў 19 кастрычніка намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў.

"Мы хочам атрымаць кампэнсацыю ад Беларусі. Пакуль варыянт — гэта істотнае павышэньне мыта на нафтапрадукты з тым, каб яны пералічвалі нам усё экспартнае мыта на нафтапрадукты, якія будуць вывозіцца зь Беларусі", — сказаў тады Шаталаў.

Ён адзначыў, што цяпер стаўка мыта на нафтапрадукты вызначаная на ўзроўні 55% ад мыта на нафту. "Гэта значыць, мы датуем нафтаперапрацоўку Беларусі. Мы ня хочам даваць гэтыя датацыі беларускім прадпрыемствам", — падкрэсьліў Шаталаў.

Па словах Шаталава, стаўка мыта на нафтапрадукты можа павялічыцца да 85—90% ад мыта на сырую нафту ўжо ў 2011 годзе: "Сэнс у тым, каб павысіць у цэлым экспартнае мыта на нафтапрадукты ня толькі для Беларусі, але і для Расеі".

Беларусь купляе нафтапрадукты ў Расеі з выплатай 100% мыта.

З 1 кастрычніка стаўка экспартнага мыта на сьветлыя нафтапрадукты складае 191,8 даляра за тону, на цёмныя — 103,3 даляра.

Паводле дадзеных Белстату, за студзень-жнівень сярэдні кошт адной тоны нафтапрадуктаў, якія закупляюцца ў Расеі, павялічыўся на 78,6% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.
XS
SM
MD
LG