Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 лістапада ў Пінскай цэнтральнай паліклініцы адбыўся калектыўны сход. На ім мэдыкі абмяркоўвалі, сярод іншага, інфармацыю Радыё Свабода "Мы чакалі, што выкажацца прэзыдэнт", дзе гаварылася пра адсутнасьць у паліклініцы шпрыцаў.

Сёньня ў адміністрацыі Пінскай цэнтральнай палікінікі паведамілі, што зь Пінскага гарвыканкаму атрыманы пісьмовы загад, "каб з Новага году на гэта грошай не шкадавалі". Тлумачыць галоўны ўрач паліклінікі Сяргей Конюх:

"Так, сапраўды, разглядалася такое пытаньне, але праходзіла яно ў межах крытыкі. Гэта не было адмысловае паседжаньне менавіта вакол крытычнага матэрыялу. З другога боку, журналісты "Свабоды" маглі б паведаміць у тым ліку і пазытыў. Напрыклад, тое, што ўсім пацярпелым падчас аварыі на "Пінскдрэве" своечасова была аказана дапамога ў неабходнай меры. Так, людзі загінулі, але яны загінулі не таму, што мэдыкі кепска спрацавалі.

Разам з тым я мяркую, што можна было б напісаць і пра моманты, зьвязаныя з апэратыўнасьцю работнікаў хуткай дапамогі. Таксама і пазыцыю, апэратыўнасьць цэнтральнай бальніцы, апісаць дапамогу, якую нам аказаў Мінздраў, маральную і матэрыяльную, у той дзень".

Падчас выбуху на заводзе ДВП ЗАТ "Пінскдрэў" пацярпеў 21 чалавек, зь іх двое загінулі адразу, адзін памёр у стацыянары ў той жа дзень. У бальніцы Пінску, Берасьця, Менску паступіла 18 чалавек. На сёньняшні дзень колькасьць ахвяраў складае 14 чалавек. Трое пацярпелых знаходзяцца ў Берасьцейскай абласной бальніцы, трое — у бальніцы хуткай дапамогі ў Менску.
XS
SM
MD
LG