Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія райсуды адмовілі партыйцам “Справядлівага сьвету”



Суды Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў адхілілі скаргі 17 сябраў партыі «Справядлівы сьвет», якія ня трапілі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.


Сьвятлана Антошына, якая прадстаўляла ў судзе інтарэсы адміністрацыі Кастрычніцкага раёну, заявіла, што партыйцаў «Справядлівага сьвету» не ўключылі ў камісіі на той падставе, што «яны ўхіляліся ад працы ў камісіях раней».

Гэтае меркаваньне прадстаўніцы райвыканкаму беспадстаўнае, бо сябраў партыі не ўключалі ў камісіі і на мінулых выбарах, кажа намесьнік старшыні абласной партыйнай арганізацыі Анатоль Родзік.

Але запярэчыць спадар Родзік ня меў магчымасьці: судзьдзя Натальля Фількевіч не дазволіла яму браць удзел у працэсе ў якасьці прадстаўніка партыі. Гэтаксама суд не дазволіў узяць удзел у працэсе і праваабаронцу Паўлу Левінаву, які меркаваў выступіць як прадстаўнік грамадзкасьці.

У выніку Натальля Фількевіч прыняла рашэньне пра тое, што ўчастковыя камісіі сфармаваныя належным чынам, і што 8 сябраў «Справядлівага сьвету» ня ўключаны туды на законных падставах.

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, па тым самым сцэнары праходзіў працэс і ў Першамайскім райсудзе. Перад разглядам скаргі 9 партыйцаў, ня ўключаных у камісіі, судзьдзя Алена Шарэц адмовіла спадарам Левінаву і Родзіку, якія меркавалі выступіць у якасьці ўдзельнікаў працэсу. На знак пратэсту абодва пакінулі залю суду, і рашэньне было агучана ў іхную адсутнасьць. Судзьдзя Алена Шарэц вырашыла, што скарга партыйцаў на тое, што яны ня трапілі ва ўчастковыя камісіі, цалкам беспадстаўная.

Учора той самы Першамайскі райсуд не задаволіў калектыўную скаргу грамадзянаў на тое, што ва ўчастковую камісію № 35 ня трапіў праваабаронца Павал Левінаў.
XS
SM
MD
LG