Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сярод прэтэндэнтаў ёсьць акулы, а ёсьць плянктон”


Валер Булгакаў

Валер Булгакаў

Чаму ўлада вырашыла зарэгістраваць усіх апазыцыйных прэтэндэнтаў? Якую стратэгію павінны абраць у адказ на гэта самі дэмакратычныя кандыдаты? Ці застаецца яшчэ шанец на тое, што будзе адзіны кандыдат ад апазыцыі? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў.



Цыганкоў: Што стаіць за тактыкай уладаў «пагалоўнай рэгістрацыі»?

Булгакаў: Па-першае, гэта яшчэ ня значыць, што ўсе 10 прэтэндэнтаў, якія прайшлі этап збору подпісаў, будуць зарэгістраваныя.

Я думаю, мы маем справу з такім досыць правакацыйным ходам беларускага рэжыму, які, з аднаго боку, мае ўвасабляць палітычную лібэралізацыю, з другога — пакідае прастору для таго, каб даць задні ход. З таго, што нібыта зьявілася прастора для рэгістрацыі гэтых 10 кандыдатаў, зусім не вынікае, што ўсе гэтыя прозьвішчы будуць у выбарчым бюлетэні. І тым больш не вынікае, што гэтая выбарчая кампанія будзе сумленная і дэмакратычная.

Сам па сабе выбарчы бюлетэнь з прозьвішчамі апазыцыйных палітыкаў яшчэ нічога ня значыць. Увогуле, масавая рэгістрацыя кандыдатаў магчыма мае на мэце расьцярушыць і так адносна невялікі апазыцыйны і дэмакратычны рэсурс.

Цыганкоў: Сапраўды, адна з прычынаў «пагалоўнай рэгістрацыі», — тое, што ўлада вырашылі дэманстраваць Захаду «лібэралізацыю». Але іншая — каб самі апазыцыйныя кандыдаты ня здолелі аб’яднацца ў сваіх дзеяньнях. Па-вашаму, ці актуальная яшчэ ідэя «адзінага кандыдата»?
Калі перамогуць асабістыя амбіцыі і эгаістычныя інтарэсы, то перамога Лукашэнкі можа стаць страшным ударам па дэмакратычным сэктары грамадзтва.

Булгакаў: Прастора для гульні заўсёды застаецца. У такіх умовах палітычна адказным і мужным крокам для бальшыні прэтэндэнтаў было зьняцьцё ці самаадвод. Бо нічога, акрамя ўласнага самапіяру і зарабляньня прывідных палітычных пунктаў гэтая рэгістрацыя для іх не нясе.

Акурат цяпер ёсьць «час ікс», калі вызначаюцца стаўкі гэтых выбараў. Калі перамогуць асабістыя амбіцыі і эгаістычныя інтарэсы, то перамога Лукашэнкі можа стаць страшным ударам па дэмакратычным сэктары грамадзтва. Але заўсёды ёсьць магчымасьць мабілізавацца і выйсьці з гонарам нават з крытычнай сытуацыі.

Цыганкоў: Вы кажаце, што некаторыя прэтэндэнты павінны зьняцца. Але ў іх узьнікае пытаньне: чаму я павінен зьняцца на ягоную карысьць, а ня ён на маю?

Булгакаў: У палітыцы заўсёды так — ёсьць акулы і ёсьць плянктон. Так і сярод цяперашніх кандыдатаў ужо вызначыліся пэўныя фаварыты і аўтсайдэры. Безумоўна, выбары — гэта момант для асабістых амбіцыяў і ўласнага самавыражэньня.

Гэта кампанія, безумоўна, вельмі нестандартная, перш за ўсё для дэмакратычнай супольнасьці. Мы маем сытуацыю, калі няма яўных лідэраў, і калі дэмакратычны электарат знаходзіцца ў пэўнай разгубленасьці. Але і ў такой сытуацыі можна і трэба думаць і будаваць шляхі для вызначэньня лепшага, найбольш адэкватнага суперніка Лукашэнку.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG