Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ў Расеі працягваюць забіваць журналістаў?


Алег Кашын, які цяпер шпіталізаваны ў цяжкім стане

Алег Кашын, які цяпер шпіталізаваны ў цяжкім стане

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў хутка адрэагаваў на зьбіцьцё журналіста Алега Кашына, загадаўшы генпракурору і міністру ўнутраных спраў ўзяць сьледзтва пад свой кантроль, і заявіў, што “злачынцы павінны быць знойдзеныя і пакараныя”. Аднак вінаватыя ў ранейшых забойствах і зьбіцьцях расейскіх журналістаў і грамадзкіх актывістаў ніколі не былі прыцягнутыя да адказнасьці, нягледзячы на падобныя прэзыдэнцкія абяцаньні, -- піша ў рэдакцыйным камэнтары амэрыканскі штодзёньнік Washington Post.

Прыклад – выпадак з адвакатам Сяргеем Магніцкім, які памёр ў маскоўскай турме год таму. Прэзыдэнт Мядзьведзеў паабяцаў пакараць вінаватых, але ніхто ня быў пакараны, хаця імёны іх добра вядомыя. Праваабаронца Натальля Эсцімірава была захопленая і забітая ў Чачні ў ліпені 2009 года; публічнае абяцаньне Мядзведзева пакараць вінаватых і ў гэтым выпадку засталося нерэалізаваным.

У студзені 2009 году адвакат ў справах правоў чалавека Станіслаў Маркелаў і журналістка Анастасія Барбурава была расстраляныя сярод белага дня ў некалькіх кварталах ад Крамля. Спадар Мядзведзеў заявіў, што забойцы будуць знойдзеныя і нават нанёс візыт у газэту, дзе працавала журналістка – але праз два гады ніхто не арыштаваны.

Ад 2000 г. былі забітыя 18 журналістаў – ніводнае гэтае злачынства не раскрытае. Іншы журналіст, які, як і Кашын, пісаў пра будаўніцтва трасы праз Хімкінскі лес – два гады таму быў жорстка зьбіты. Ніхто не арыштаваны. У панядзелак яшчэ адзін журналіст, Анатоль Адамчук, які асьвятляў акцыі пратэсту, быў шпіталізаваны пасьля нападу.

Некаторыя ў Расеі лічаць, што такая беспакаранасьць тлумачыцца тым, што за злачынствамі стаяць высокапастаўленыя чыноўнікі альбо блізкія да іх асобы. Так, будаўніцтва шашы пад Масквой фінансуецца клянам, набліжаным да прэм’ер-міністра, дэ-факта начальніка Мядзьведзева. Напад на Кашына быў зроблены пасьля таго, як на вэб-сайце пракрамлёўскай моладзевай арганізацыі зьявіліся словы, што “журналісты-здраднікі павінны быць пакараныя”.

Спадар Мядзведзеў казаў цягам апошняга году, што Расеі востра патрэбныя заходнія інвэстыцыі для мадэрнізацыі эканомікі. Менавіта таму ён заклікаў пакласьці канец “прававому нігілізму” і цяпер абяцае пакараць вінаватых ў нападах на грамадзкіх актывістаў і журналістаў. Ні адміністрацыя Абамы, ні іншыя заходнія ўрады не казалі прэзыдэнту Расеі пра адказнасьць за гэтыя выпадкі. Гэта, верагодна, адна з прычынаў таго, што злачынствы працягваюцца, піша Washington Post.
XS
SM
MD
LG