Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Нярэдка даводзіцца размаўляць з гарадзенцамі пра выбары. Многія занятыя сваімі клопатамі, і размова асабліва ня клеіцца. Ёсьць такія, хто не давярае выбарчаму спэктаклю, які разыгрываюць улады па сваім архаічным сцэнары. Іншыя ставяцца да патрэбы галасаваць, як да фармальнасьці, якая іх не абурае і не кранае лішне. Ну, загадае начальства прагаласаваць “датэрмінова”, хай! Бо хочацца быць заўжды абачлівым: яно ж спраўдзіць потым — ці быў ты на ўчастку? Ва ўсякім разе — паведамяць абавязкова, у іх там у камісіях — улік і кантроль, што датычыць такіх рэчаў.


Ад Мусаліні да Чавэса


Аднак трапляюцца і такія мінакі, якія напэўна ішлі і разважалі таксама пра выбары, прынамсі трымалі ў галаве думкі свае з гэтай нагоды. На жаль, у такіх выпадках ня ўсё ўдаецца выкарыстаць, бо ты абмежаваны рамкамі часу, памерам матэрыялу і канкрэтна вызначанай тэмай. Але зараз паспрабую, вазьму апошні прыклад: двум былым выкладчыкам захацелася пашчыраваць на тэму кандыдатаў, прэзыдэнцкіх выбараў. І што я пачуў? Першы: “Так, запомніце: што агульнага ў Кастра, у Леніна, зараз, у Чавэса? Хто яшчэ выйграў выбары, пачакайце, жанчына нейкая? Добра, няважна. У Мусаліні, у Сталіна — што агульнага? Яны сядзелі ўсе ў турме, яны рэвалюцыянэры былі, а наша апазыцыя — нейкія людзі, што пасуцца каля гэтай справы”.

Прагучала гэта з вуснаў старога выкладчыка даволі пераканаўча, хіба што прыклады ня першай сьвежасьці. Мусаліні, Сталін? Згодна такой лёгіцы, прэзыдэнты Расеі, Украіны, Беларусі, Польшчы, Літвы павінны былі быць рэвалюцыянэрамі і сядзець у турме, так атрымліваецца? Я задумаўся. Але ж не! Гэта лёгіка з падвойным дном! Бо другі выкладчык, каб падтрымаць калегу, сьцьвярджае: “Апазыцыянэр Эн жа ўцёк, які ён змагар? Калі пакідаюць сваю партыю, пакідаюць ідэі, гэта ўжо ня лідэры!.. Адзін ёсьць прэзыдэнт і ён пераможа пры любых раскладах”.

Гэта адукаваныя людзі гавораць, але выглядаюць яны на звычайных абываталяў з чаргі, з натоўпу. Ім падабаецца разважаць у вузкім калідоры, іх не цікавіць, што ў іншых партыях лідэры на месцы, што ёсьць партыі, якія ўлады ўпарта не рэгіструюць, трымаючы ў шуфлядзе крымінальны кодэкс супраць іх. Усё гэта ім не патрэбна, як і дэмакратычныя выбары, зразумела, бо прэзыдэнт ужо ёсьць, якія яшчэ могуць быць іншыя?! Іншыя ўспрымаюцца як недарэчнасьць, як дывэрсія, амаль што замах!

Але ім хочацца, хочацца захоўваць падабенства аб’ектыўнасьці, шырыні погляду, яны нават і пра “буржуяў” станоўчыя прыклады ведаюць: “Кенэдзі, каб выйграць месца ў Кангрэсе, асабіста абышоў палову жыхароў штата Масачусэтс, знаў тры чвэрці іх асабіста. Тэтчэр пасялілася ў квартале рабочым, працавала з імі, а гэтыя так хочуць…”

Гэтых людзей не цікавіць, што цяперашнія кандыдаты таксама езьдзяць па Беларусі, як езьдзілі да іх іншыя апазыцыйныя лідары. Адным словам, робяць тое ж самае, што рабіў Кенэдзі. З адной рэмаркай: яму ніхто не забараняў ладзіць сустрэчы ў памяшканьнях альбо на вуліцы, ніхто не перашкаджаў, не затрымліваў, не штрафаваў. Усё гэта — прыкметы краіны Беларусь.


Дайце мучанікаў!


Размова з двума гарадзенскімі мінакамі яшчэ ня скончылася, яны радыя, што нехта зацікавіўся іхнім меркаваньнем: “Вы разумееце: апазыцыя выкрывае сябе, такой ў сьвеце болей няма, каторая за мяжой хоча зрабіць горш дзяржаве, у якой яны нарадзіліся, і хочуць яны штосьці мець яшчэ. Гэта ж нельга, трэба змагацца за народ, а не за свой прэстыж”. Ну, а гэта, адчуваецца, завучаныя, хай міжволі, цытаты з афіцыйных рупараў.

Я разумею, што мае размоўнікі выкладалі калісьці “грамадзкія навукі” — гісторыю КПСС, марксізм-ленінізм, і ў гэтых межах яны адчувалі сябе прагрэсіўнымі, расказвалі на кухні анэкдоты пра Брэжнева, пра напаўжывое ад старасьці Палітбюро. Але раптам тое, з чаго яны карміліся, ляснула. Марксізм-ленінізм быў іхнім хлебам штодзённым, іх можна зразумець. “На шчасьце” неўзабаве ўсё вярнулася назад, яны ўздыхнулі з палёгкай. Ім выдатна вядома: шаснаццаць год рэжым трымаўся бясконцымі паездкамі за мяжу, у Крэмль, але пасварыўся. Аднак калі апазыцыйны кандыдат паехаў той жа дарогай, яму пасылаюць “анафэму”.

Людзі, з якімі я размаўляў, арыентуюцца ня толькі ў нашых местачковых справах, ім вядома, што ў дэмакратычных краінах зьмест палітычнага жыцьця, тыя ж выбары прэзыдэнцкія — барацьба за ўладу. Гэта так жа натуральна, звычайна, як барацьба за ўраджай, напрыклад. Але ў гэтых людзей у галовах Ленін і Сталін, “якія былі рэвалюцыянэрамі і сядзелі”. А пры іх сэнсам палітычнага жыцьця было зьнішчэньне апазыцыі, бо кожнаму такому рэвалюцыянэру хочацца падсьвядома заняць месца рэакцыянэраў.

Маім жа суразмоўцам хочацца стварыць уражаньне, што яны здольныя разважаць, аналізаваць, карыстацца толькі фактамі, а ня проста мазаць чорнай фарбай апазыцыянэраў. Напрыклад, кажа адзін: пэўны апазыцыйны лідэр адмовіўся ад прэзыдэнцкіх выбараў, зразумеўшы, што “яму нічога ня сьвеціць”. А наколькі мне вядома, прычынай стала тое, што выбарчае заканадаўства і практыка правядзеньня кампаніі засталіся на ўзроўні “каменнага веку”, таму гэты палітык зрабіў выснову: значыцца пра свабодныя справядлівыя выбары ня можа быць нават мовы.

Апошні “пераканаўчы” аргумэнт супраць апазыцыйных кандыдатаў, агучаны адным з маіх суразмоўцаў на гарадзенскай вуліцы: “Я хацеў сказаць, што лідэрам ня можа быць тут той, хто ня можа быць мучанікам ідэі, гэта Маркс сказаў, гэта ня я, проста паўтараю. А мучанікаў такіх няма, разумееце, у цімцовых хатніх пантофлях перамагчы і пайсьці да народу, які вельмі складана жыве, хіба можна? Яго не зразумеюць ніколі, ён ужо ня свой — па вызначэньні”.

Пачакайце: а як жа Казулін?! Няма адказу, гэтыя людзі прывыклі да аднаго партрэта на сьцяне ў кабінэце або ў тэлевізары, паколькі яны на пэнсіі. А як на вашую думку: ці былі прэзыдэнты Расеі, Украіны, Беларусі, Польшчы, Літвы мучанікамі? Яны, што ж — парушаюць запаветы самога Маркса?!
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG