Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Белсат" атрымаў узнагароду імя Ежы Гедройца


Агнешка Рамашэўская

Агнешка Рамашэўская

Сёньня прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ўручыў прэмію імя Ежы Гедройца Агнешцы Рамашэўскай-Гузы, дырэктарцы тэлеканалу "Белсат", які вяшчае ў Беларусь з Польшчы.

Цырымонія ўручэньня адбылася ў Каралеўскім замку ў Варшаве.

Прэмію заснавала вядучая польская газэта "Rzeczpospolita" ў 2001 годзе, у першыя ўгодкі сьмерці Ежы Гедройца. Гедройц, які нарадзіўся ў Менску ў 1906 годзе, быў адным з найважнейшых польскіх выдаўцоў і публіцыстаў на эміграцыі. У 1946 годзе ў Рыме ён заснаваў Літаратурны інстытут, а ў 1947-м у Парыжы – часопіс "Культура", які стаўся найзначнейшым інтэлектуальным выданьнем польскай эміграцыі на Захадзе пасьля ІІ сусьветнай вайны. Гедройц быў адным з самых пасьлядоўных польскіх прыхільнікаў ідэі незалежнасьці для ўсходніх суседзяў Польшчы — Літвы, Беларусі і Ўкраіны — ды наладжваньня добрасуседзкіх адносін паміж імі і посткамуністычнай Польшчай.

Прэмія імя Ежы Гедройца прысуджаецца штогод асобе або інстытуцыі, якія ў публічным жыцьці кіруюцца прынцыпамі, выпрацаванымі Гедройцам і іншымі аўтарамі парыскай "Культуры". Да гэтых прынцыпаў належаць, сярод іншага, бескарысьлівасьць у грамадзкай дзейнасьці, узмацненьне ролі Польшчы ў дэмакратычнай эўрапейскай супольнасьці, падтрыманьне добрых адносін з народамі Ўсходняй Эўропы.

Сёлета кандыдатамі на прэмію імя Ежы Гедройца былі таксама журналісты Анджэй Бжэзіцкі і Малгажата Ноцунь, чыя дзейнасьць зьвязаная зь Беларусьсю. У 2007 годзе, пасьля падарожжа па Беларусі, яны выдалі кніжку пад назвай "Bialorus: kartofle i dzinsy". А ў 2008-м яны апублікавалі кнігу інтэрвію "Ograbiony narod. Rozmowy z bialoruskimi intelektualistami".

Сярод іншых кандыдатаў на сёлетнюю прэмію імя Ежы Гедройца былі старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк, былы дырэктар польскай службы Радыё Свабодная Эўропа Зьдзіслаў Найдэр і былы намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд.
XS
SM
MD
LG