Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пол Гобл: Беларусь узмацняе сваю нацыянальную ідэнтычнасьць


Вядомы амэрыканскі аналітык Пол Гобл у сваім блогу "Window on Eurasia" згадаў перапіс насельніцтва ў Беларусі ў кастрычніку 2009 году, паводле якога доля расейцаў у Беларусі ўпала з 11,3 працэнта ў 1999 годзе да 8,3 працэнта летась. У абсалютным ліку, колькасьць этнічных расейцаў у Беларусі паменшала за апошняе дзесяцігодзьдзе на 356 тысяч.

Верны свайму здаўна выпрацаванаму аналітычнаму стылю, Гобл падае тры прычыны, чаму варта зьвярнуць увагу на гэтую беларускую статыстыку:

"Па-першае, гэты вынік трэба суаднесьці зь нядаўнімі паведамленьнямі расейскіх СМІ, якія кажуць, што агульны лік насельніцтва Расеі паменшаў, а доля нерасейскіх групаў насельніцтва працягвае расьці, асабліва мусульманаў на Паўночным Каўказе і імігрантаў зь Сярэдняй Азіі.

Па-другое, вынік ставіць пад сумнеў шырока распаўсюджанае меркаваньне як у Расейскай Фэдэрацыі, так і на Захадзе, што беларуская нацыянальная тоеснасьць не зьяўляецца сапраўднай рэччу. Калі б гэта было так, дык лікі, якія агучыў Менск, былі б хутчэй за ўсё іншымі, а доля этнічных расейцаў была б вышэйшая.

Па-трэцяе, рэзкае падзеньне колькасьці этнічных расейцаў зьмяншае прыдатнасьць гэтай групы для Масквы як вагара, які можна выкарыстаць супраць Аляксандра Лукашэнкі. Калі доля этнічных расейцаў сярод беларускага насельніцтва зьмяншаецца, прасоўваньне ідэі, што гэтыя дзьве нацыі зьяўляюцца насамрэч адной, становіцца ўсё цяжэйшым".

Наша даведка:

Пол Гобл (нар. 1949) – амэрыканскі аналітык і журналіст, спэцыяліст па нацыянальных пытаньнях былога Савецкага Саюзу і постсавецкай прасторы. Гобл працаваў, сярод іншага, дарадцам дзяржсакратара Джэймся Бэйкера ў адміністрацыі прэзыдэнта Рональда Рэйгана, дырэктарам аддзелу камунікацый Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, дарадцам дырэктара Голасу Амэрыкі і Бюро міжнароднага радыё- і тэлевяшчаньня ЗША, прафэсарам Тартускага ўнівэрсытэту ў Эстоніі, дырэктарам досьледна-выдавецкага аддзелу Азэрбайджанскай дыпляматычнай акадэміі ў Баку. Працуючы дырэктарам камунікацый нашага радыё, Гобл заснаваў інтэрнэтны ангельскамоўны бюлетэнь RFE/RL Newsline (1997-2008), які быў вельмі папулярнай крыніцай інфармацыі і аналізу палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краінах, куды вяшчала наша радыё. Цяпер Пол Гобл рэгулярна піша блог, які мае назву "Window on Eurasia".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG