Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судны дзень у Жлобіне


Сёньня ў Жлобінскім раённым судзе разгледжана 6 скаргаў на фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў.

Праз суд намагаліся паправіць раённы выканкам актывісты партыі левых «Справядлівы сьвет» Пятро Аўсянікаў, Іван Басарэўскі, Валер Рыбчанка й Анатоль Сьцепаненка, якіх у склад камісій вылучылі праз подпісы мясцовыя грамадзяне.

Судзьдзі Іна Шаршнёва, Алена Ярмольчык, Тацяна Стэфанавіч і Сьвятлана Рубахава адхілілі ўсе скаргі актывістаў на той падставе, што ў суд, паводле артыкула 34 Выбарчага кодэксу, павінны зьвяртацца самі грамадзяне, якія вылучалі актывістаў у камісіі шляхам падачы подпісаў.

Судзьдзя Лідзія Папека адхіліла й скаргу абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі на неўключэньне ў склад камісіі двух чальцоў партыі.

Як паведаміў намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Марат Афанасьеў, падстава адмовы даволі празаічная: скаргу ў суд падпісаў сам спадар Афанасьеў. Суд палічыў, што падпісваць мусіў кіраўнік партыі альбо арганізацыйнай структуры — так патрабуе Выбарчы кодэкс.

Адхілена й скарга раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» да райвыканкаму. Апошні з 10 чальцоў партыі ўвёў у склад участковых камісій толькі двух, што складае 20 адсоткаў ад агульнай колькасьці вылучаных. У той самы час ад афіцыйнага прафсаюзу мандаты чальцоў камісій атрымалі 72 адсоткі вылучэнцаў, ад «Белай Русі» — 78, ад БРСМ — 85, ад «Беларускага саюзу жанчын» — ажно 97 адсоткаў.

Лідэр мясцовай арганізацыі «Справядлівага сьвету» Валер Рыбчанка патлумачыў, што судзьдзя Сьняжана Галавенчык не ўзяла пад увагу вышэйзгаданыя факты, палічыла прэтэнзіі арганізацыі да фармаваньня складу ўчастковых камісій «надуманымі».

Начальнік арганізацыйна-кадравага аддзелу райвыканкаму Сяргей Маруковіч, які выступаў у судзе прадстаўніком выканаўчага камітэту, наагул заяўляў, што падобныя скаргі адрываюць яго ад спраў, перашкаджаюць займацца выбарчай кампаніяй. Заўвага спадара Рыбчанкі наконт таго, што выбарамі займаецца выбарчая камісія, а не арганізацыйна-кадравы аддзел, прымусіла замаўчаць прадстаўніка райвыканкаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG