Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 адсоткаў чыноўнікаў у выбаркамах — вяршыня айсбэргу


Гомельскія афіцыйныя СМІ са спасылкай на намесьніка старшыні абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта Аляксандра Усава паведамілі, што ў 1114 участковых камісіях, сфармаваных у рэгіёне, дзяржаўныя службоўцы складаюць толькі 5,2 адсотка. А могуць, маўляў, складаць, паводле Выбарчага кодэксу, адну траціну.

«Гэта звычайная маскіроўка, вяршыня айсбэргу», — лічыць рэгіянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Кацора.

Актывісты кампаніі прааналізавалі склад некаторых участковых камісіяў у Лоеве. Высьветлілася, што рознага рангу чыноўнікі маскіруюцца найперш «пад грамадзкасьць».

Напрыклад, у Савецкай участковай камісіі № 1 у Лоеве ўсяго 13 чальцоў. Першай у сьпісе значыцца Валянціна Аніськова. Яна вылучана ад прафсаюзу, а працуе начальніцай раённага аддзелу статыстыкі. Сьвятлана Карнавушанка загадвае раённым аддзелам ЗАГС, а ў камісію вылучана праўладным грамадзкім аб’яднаньнем «Беларускі саюз жанчынаў». Кацярына Кадошчанка ўключана ў камісію праз збор подпісаў грамадзянаў — яна дырэктар музычнай школы. Тацяна Лагута, вядучы спэцыяліст аддзелу адукацыі райвыканкаму, у камісіі — ад галіновага райкаму прафсаюзу. Генадзь Місачэнка, начальнік аддзелу ўпраўленьня сельскай гаспадаркі райвыканкаму, вылучаўся праз подпісы грамадзянаў. Тамара Навуменка, дырэктарка раённай бібліятэкі, таксама прыйшла ў камісію праз збор подпісаў грамадзянаў. Гэтаксама й спэцыяліст аддзелу культуры райвыканкаму Канстанцін Тужык. Ва ўчастковай камісіі таксама кіраўнік раённай арганізацыі БРСМ Вячаслаў Казлоўскі й кіраўніца фізвыхаваньня дзіцячага садку-ясьляў № 1 Вікторыя Кукса.

Колькі насамрэч адсоткаў чыноўнікаў набіраецца ў камісіі, падлічыць няцяжка.

Падобным чынам, паводле актывістаў кампаніі «За справядлівыя выбары», фармаваліся й правераныя ўчастковыя камісіі ў Нароўлі.

Выглядае, што 5,2 адсотка службоўцаў у камісіях — гэта толькі вяршыня айсбэргу. Асноўная яго частка, як і ў прыродзе, — пад цёмнаю вадой.
XS
SM
MD
LG