Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уэльбэка па-беларуску абяцаюць праз тры месяцы


Мішэль Уэльбэк
Мішэль Уэльбэк
Самая прэстыжная літаратурная ўзнагарода Францыі – Ганкураўская прэмія за 2010 год – была прысуджаная ў панядзелак пісьменьніку Мішэлю Уэльбэку за раман "Мапа і тэрыторыя" (La carte et le territoire).

Акадэмікі "Акадэміі Ганкур", якія сабраліся ў парыскім рэстаране "Друан", абралі ляўрэата за адзін тур, галасаваньне праходзіла рэкордна хутка: журы спатрэбілася толькі 1 хвіліна 29 сэкунд, каб прыняць рашэньне.

Раман "Мапа і тэрыторыя" факусуе ўвагу на месцы мастака ў сучасным сьвеце, Уэльбэк сам сябе выводзіць у якасьці аднаго з пэрсанажаў і сам сябе забівае.

Уэльбэк ужо намінаваўся на прэмію Ганкур ў 1998 годзе з раманам "Элемэнтарныя часьціны" (Les Particules еlеmentaires) і ў 2005 годзе з раманам "Мажлівасьць выспы" (La Possibilitе d'une ile). Тады журы аддала перавагу іншым кандыдатам.

Уэльбэк – адзін з самых чытаных у сьвеце францускіх аўтараў. За пераклад рамана "Мажлівасьць выспы" на беларускую мову браўся перакладчык і выдавец Зьміцер Колас. “Месца Ўэльбэка ў сучаснай францускай літаратуры можна пазначыць побач з такімі аўтарамі, як Бэгбэдэр, Шміт, Бэсон, – кажа Зьміцер Колас. – Гэта, можна сказаць, аўтары апошняй літаратурнай хвалі, якія шырока вядомыя ня толькі ў Францыі, але і ва ўсім сьвеце.

На жаль, на беларускую мову перакладаліся з названых толькі Шміт і Бэсон, а Ўэльбэк чакае свайго часу, і чакае толькі праз тое, што я ніяк не знайду свайго часу на яго пераклад. Хоць правы на адзін з апошніх яго раманаў набытыя амаль 4 гады таму – пераклад гэты быў пачаты, потым адкладзены ў сувязі з больш тэрміновымі справамі, але цяпер самыя вялікія кнігі, якія я мусіў выдаць сёлета, выдадзеныя, і я спадзяюся, што змагу спакойна сесьці за гэты пераклад, і спадзяюся нават, што да лютага, да пачатку Менскага кніжнага міжнароднага кірмашу гэтая кніга нарэшце пабачыць сьвет,” – абяцае перакладчык.

Новы раман Уэльбэка "Мапа і тэрыторыя" (La carte et le territoire) прызнаны самым змрочным у бібліяграфіі пісьменьніка.

Памер Ганкураўскай прэміі складае сымбалічную суму – усяго 10 эўра, затое адкрывае перад ляўрэатам шырокі шлях не толькі да вядомасьці і прызнаньня, але і да гарантавана высокіх накладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG