Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск чакае, што расейскія прапановы наконт умоваў транзыту нафты празь беларускую тэрыторыю ў 2011 годзе паступяць не пазьней за 15 лістапада.

Пра гэта паведамілі Інтэрфаксу ў профільным дзяржаўным ведамстве.

На сёньняшні дзень беларускі бок не валодае інфармацыяй ні пра тое, які ўзровень тарыфаў на транзыт "тэарэтычна можа прапанаваць расейскі бок", ні пра меркаваныя аб'ёмы пампаваньня на 2011 год.

Беларусь ня будзе ў аднабаковым парадку прымаць рашэньне наконт зьмены тарыфаў на пампаваньне нафты праз сваю тэрыторыю, а будзе дзейнічаць у адпаведнасьці зь міжурадавымі дамоўленасьцямі і ўзгадняць сваю пазыцыю з расейскімі партнэрамі.

Нядаўна першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка скрытыкаваў праект праграмы разьвіцьця транзытнага патэнцыялу Беларусі на 2011—2015 гады. Згодна з гэтым дакумэнтам, даходы ад транзыту нафты праз тэрыторыю Беларусі на працягу 2011—2015 гадоў будуць складаць каля 200 мільёнаў даляраў у год.

Сямашка зьвярнуў увагу, што ў гэты дакумэнт не закладзена павелічэньне даходаў ад транзыту нафты, хоць і прызнаў, што ў бліжэйшыя гады ў Беларусі аб'ём транзыту расейскай нафты зьнізіцца.

Таксама Ўладзімер Сямашка заявіў, што ў Беларусі чакаюць запуску БТС-2 з 1 студзеня 2011 году, што прывядзе да зьніжэньня аб'ёмаў транзыту нафты праз тэрыторыю Беларусі.
XS
SM
MD
LG