Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стан пацярпелых ад выбуху на "Пінскдрэве" — "стабільна цяжкі"


Выбух на "Пінскдрэве" забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Менску і Берасьця. Усе пацыенты знаходзяцца ў рэанімацыйных аддзяленьнях. Родных пакуль туды не пускаюць.

На сёньня ў абласной бальніцы Берасьця знаходзяцца трое пацярпелых ад выбуху на "Пінскдрэве": гэта Эдуард Гарошка, Алег Сьмірноў і Павал Ярмак. Стан іх і надалей застаецца складаным. Паводле загадчыка рэанімацыйнага аддзяленьня Ігара Лобана, пацярпелыя дастаўленыя ў абласную бальніцу з апёкавымі траўмамі і палітраўмамі. Стан -- стабільна цяжкі:

"Прагноз тут практычна немагчыма зрабіць. Па-рознаму паводзіць сябе арганізм, па-рознаму атрымліваецца лячыць пацыентаў. Шмат розных наступстваў ад апёкаў, таму прагнозы — гэта няўдзячная справа".

Паводле слоў доктара, ступень паражэньня ўчасткаў цела апёкамі ў іх складае ад 50 да 100%. Прычым ва ўсіх сытуацыя ўскладняецца тэрма-інгаляцыйнай траўмай. Гэта значыць, яны дыхаюць пры дапамозе апаратаў:

"Кожны дзень пацярпелым па некалькі разоў робяць перавязкі. Працуюць апёкавыя хірургі, якія здымаюць амярцьвелыя ўчасткі, каб пазьбегнуць атручэньня арганізму. Хворых саграваюць, праводзіцца штучная вэнтыляцыя лёгкіх, абязбольваньне, бо пацыенты адчуваюць надзвычай моцны боль".

Сваякі прыяжджаюць зь Пінску да пацярпелых, але пакуль лекары іх ня могуць пусьціць у палату. Арганізм пацярпелага ад апёку вельмі ўспрыімлівы да інфэкцыяў.

Дырэктар заводу ДВП Леанід Логвін адзначае:

"Я добра ведаю ўсіх гэтых людзей, яны і прыстойныя людзі, і добрыя рабочыя".

Кіраўнік службы сувязяў з грамадзкасьцю ЗАТ "Пінскдрэў" так выказаўся пра пацярпелых:

"І Эдуард Гарошка, і Алег Сьмірноў, і Павал Ярмак паказалі сябе як добрасумленныя людзі. Ніколі ў дачыненьні да іх не ўзьнікала пытаньняў, заўвагаў, прэтэнзій з боку адміністрацыі. Гэта сапраўды добрыя людзі".

Сем'і пацярпелых ад аварыі, паводле прэсавага кіраўніка, не застануцца сам-насам з праблемамі:

"Гэтых людзей мы не пакінем. Ужо была аказана дапамога, і ў далейшым таксама будзем дапамагаць. Таму пытаньне наконт таго, што пацярпелыя застануцца без кампэнсацыі, без падтрымкі, — мы гэтага не дапусьцім".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG