Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ноч на 5 лістапада ў мэмарыяльным урочышчы Курапаты невядомыя зламысьнікі зламалі 38 крыжоў. Па факце здарэньня міліцыя будзе праводзіць праверку цягам бліжэйшых дзесяці дзён. Лідэры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ лічаць гэты акт вандалізму наступствам дзейнасьці прарасейскіх нэабальшавікоў і заклікаюць беларускіх грамадзян на талаку, каб аднавіць крыжы.

Паваленыя крыжы на ўскрайку Курапацкага лесу актывісты КХП БНФ пабачылі ў суботу, калі прыйшлі на чарговую талаку, распавядае сакратар партыі Валеры Буйвал:

Валеры Буйвал
"Знайшоўшы паламаныя крыжы 6 лістапада, мы ўпэўненыя, што вандалізм адбыўся ў ноч на 5 лістапада. Якраз тады, калі ў Расеі ўся гэтая нячыстая сіла сьвяткавала дзень так званага "русского единства", які быў адзначаны правядзеньнем шэрагу фашыстоўскіх імпэрыялістычных мітынгаў і шэсьцяў па ўсёй Расеі. Так што гэта ёсьць водгук вось гэтага расейскага фашызму".

Нарад міліцыі, які прыбыў на месца здарэньня, зафіксаваў факт вандалізму, але ці будзе распачатая крымінальная справа, пакуль не вядома, паведаміў супрацоўнік прэсавай службы УУС Менскай вобласьці Аляксандар Брысьнюк:
На месца здарэньня выяжджала група, складу злачынства не знайшлі і пакуль праводзяць праверку...

"Крымінальнай справы пакуль не распачыналі. На месца здарэньня выяжджала група, складу злачынства не знайшлі і пакуль праводзяць праверку. Магчыма, што будуць дапытваць нейкіх сьведкаў і праводзіць іншыя мерапрыемствы. Цягам дзесяці дзён — максымальны тэрмін — яны павінны вынесьці нейкую пастанову: альбо справу распачынаць, альбо пісаць адмову, альбо пракуратура прадоўжыць тэрмін праверкі".

Супрацоўнікі міліцыі кантралююць Курапаты, але наколькі сыстэматычна, кіраўнік патрульна-паставой службы УУС Менскага раёну Вадзім Малаш не паведаміў:

"Ці ахоўваюцца зараз Курапаты?"

"Папраўдзе сказаць — не магу адказаць вам на гэтае пытаньне станоўча".

"Ці высылаеце вы калі-небудзь туды нарады міліцыі для патруляваньня?"

"Натуральна. Практычна кожныя выходныя там стаіць патруль. Але, вы ведаеце, я пакуль вельмі заняты, таму дзякуй і да пабачэньня".


Хто мог зьдзейсьніць чарговае злачынства ў Курапатах? Гэтым пытаньнем цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску.


Спадарыня: "Пэўна, экстрэмісты нейкія. Наколькі я ведаю, зараз гэта вельмі распаўсюджана ў Расеі і, пэўна, у нас таксама. Я думаю, што гэта вельмі неразумныя людзі".

Спадар:
"Ня ведаю. Пэўна, нейкія нацыяналісты. У Расеі лічаць, што ім там асобы каўкаскай зьнешнасьці замінаюць. А яны там дарогі кладуць, дамы будуюць, а іх за гэта б'юць".

Акты вандалізму адносна курапацкіх крыжоў, а таксама так званай лавы Клінтана, ва ўрочышчы чынілі дзясяткі разоў. І толькі два гады таму сіламі грамадзкіх актывістаў былі затрыманыя два юнакі, якія, аднак, не панесьлі за свой учынак аніякага пакараньня. У астатніх выпадках злачынцаў ня выявілі. Вось як гэта камэнтуе выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юры Беленькі:

Юрась Беленькі
"Дастаткова паглядзець БТ, каб пабачыць, як улада шануе 7 лістапада і ня ўзгадвае пра трагедыю, пра масавыя забойствы, якія пераўзыходзяць колькасьць закатаваных нямецкімі фашыстамі, — то зразумела, хто сёньня мае ў краіне вышэйшую палітычную ўладу і чаму так адбываецца".

Актывісты партыі КХП-БНФ заклікаюць неабыякавых людзей на талаку у бліжэйшую суботу, каб аднавіць крыжы ў Курапатах,.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG