Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Голос России" ў Беларусі змоўк


Карэспандэнту радыёстанцыі "Голос России" Яўгену Агурцову не працягнулі акрэдытацыю на дзейнасьць у Беларусі. У МЗС Беларусі спасылаюцца на парушэньне журналістам унутраных працэдураў. Агурцоў жа настойвае на палітычным падтэксьце такога рашэньня ўладаў.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі гавораць пра тэхнічныя прычыны рашэньня: маўляў, Яўген Агурцоў не падаў дакумэнты на акрэдытацыю ў неабходны тэрмін. Пры гэтым, ня маючы дазволу на легальную дзейнасьць у Беларусі, працягваў супрацоўнічаць з радыёстанцыяй "Голос России". У сувязі з гэтым на пачатку лістапада спэцыяльная камісія пры МЗС акрэдытацыю не працягнула.

У Яўгена Агурцова, які беспраблемна супрацоўнічаў з расейскай радыёстанцыяй больш як сем гадоў, на гэта свой погляд. Яшчэ 20 жніўня з Масквы ў Менск выправіўся самалёт, якім у МЗС Беларусі ляцеў ліст з рэдакцыі з просьбай аб акрэдытацыі (пра дату сьведчыць і штамп на канвэрце). Аднак зь нейкіх прычынаў ліст падарожнічаў тры тыдні і зьявіўся ў Менску толькі 11 верасьня. Паколькі старая акрэдытацыя дзейнічала да 1 верасьня, спадар Агурцоў, разумеючы няпэўнасьць сытуацыі, не падаваў матэрыялы як карэспандэнт, але агучыў у камэнтары некаторыя падзеі як публіцыст, прыватная асоба. Прычым здарылася гэта ўжо пасьля таго, як 2 лістапада камісія МЗС у акрэдытацыі яму адмовіла — позна ўвечары таго ж дня:
гаварыць праўду ў нас — гэта, па сутнасьці справы, забарона на прафэсію ...

"Менавіта па тым факце, што я, ня маючы акрэдытацыі, ажыцьцяўляў журналісцкую дзейнасьць у замежных СМІ, мяне і пазбавілі акрэдытацыі. На самой жа справе тут усё вельмі добра зразумела, бо мы, журналісты і грамадзяне Беларусі, якія працуюць на замежныя СМІ, лепш за іншых ведаем сытуацыю ў краіне. Да таго ж у нас хутка выбары. І, канечне, яны тым, што пазбавілі мяне акрэдытацыі, "вырубілі" "Голос России" — а гэта на 160 краінаў сьвету вяшчаньне, у тым ліку вяшчаньне на дзяржавы СНД. Зразумела, што гаварыць праўду ў нас — гэта, па сутнасьці справы, забарона на прафэсію. Гаворыш праўду — ведай, будзеш пакараны. Таму што ў нас няма грамадзянскай супольнасьці, мы не грамадзяне, мы падданыя, і з намі можа здарыцца што заўгодна".

Яўген Агурцоў лічыць: як толькі Расея пачала адэкватна ставіцца да беларускага рэжыму, пачаліся праблемы ў журналістаў, якія супрацоўнічаюць з расейскімі СМІ. Суразмоўца ўпэўнены, што з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў гэтая праблема будзе ўзмацняцца:
бюлетэні ў нас на кавалку паперы, ледзьве не туалетнай, зь нейкай пячаткай, якая ёсьць у кожнага старшыні ўчастковай камісіі...

"Асноўная прычына, па якой мяне пазбавілі акрэдытацыі, — гэта тое, што я больш за іншых нашых журналістаў гаварыў. Так, бюлетэні ў нас на кавалку паперы, ледзьве не туалетнай, зь нейкай пячаткай, якая ёсьць у кожнага старшыні ўчастковай камісіі. Ніякай абароны: 10-рублёвая купюра, за якую нічога нельга набыць, мае ступень абароны. Бюлетэнь — ня мае. Падтасаваць яго элемэнтарна, на гэта ёсьць 5 дзён датэрміновага галасаваньня. Расея галасуе за дзень — 12 гадзінных паясоў. Мы — на ровары можа перасекчы спартовец Беларусь за суткі — галасуем 5 дзён. Дзеля чаго? Дзеля таго, каб выбары былі недэмакратычнымі. Пакуль яны такімі будуць, і пра гэта я гаварыў на "Голосе России", ніякіх легітымных выбараў у Беларусі быць ня можа паводле вызначэньня. Даруйце за патас і ўсхваляваную прамову, але яны насамрэч мяне ўсхвалявалі".

Пытаньне акрэдытацыі журналістаў уздымалася падчас нядаўняга візыту ў Беларусь прадстаўніцы АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуні Міятавіч. Паводле спадарыні Міятавіч, акрэдытацыя — легітымная працэдура, якая існуе ўва ўсіх краінах сьвету. Але яна не павінна выкарыстоўвацца як інструмэнт, скіраваны на тое, каб не дазволіць рабіць прафэсійную працу. Беларускія чыноўнікі запэўнілі, што з гэтым "разьбяруцца":

Дуня Міятавіч
"Я ўздымала гэтае пытаньне, таму што ўжо на працягу пэўнага часу атрымліваю шматлікія скаргі і ад тых, хто працуе ў Беларусі, і з-за межаў краіны — перадусім у сувязі з працэдурай акрэдытацыі журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ. У прыватнасьці, я ўздымала гэтае пытаньне ў размове зь міністрам інфармацыі. Я сказала, што, на мой погляд, трэба перагледзець працэдуру акрэдытацыі журналістаў, якія працуюць у Беларусі, беларускіх журналістаў. Таксама папрасіла прадстаўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі зьвярнуць увагу на гэтую працэдуру, зрабіць усё неабходнае, каб яна спрасьцілася і была не такой складанай для журналістаў. Я прасіла, каб магчымым было зрабіць працэдуру, якая магла б быць уніфікаванай: напрыклад, у нейкім адным месцы можна было б атрымаць акрэдытацыю, а ня кожны раз яе атрымліваць, калі вы хочаце пайсьці асьвятляць нейкае мерапрыемства ў нейкай установе".



Выпадкаў пазбаўленьня акрэдытацыі журналістаў, якія прадстаўляюць замежныя СМІ, у Беларусі было нямала. Вось некаторыя гучныя гісторыі. Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў сакавіку 1997 году пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. У ліпені таго ж году карэспандэнта тэлеканалу ОРТ Паўла Шарамета пазбавілі акрэдытацыі, супраць яго пачалі крымінальную справу. У ліпені 2003-га зачынілі прадстаўніцтва НТВ у Беларусі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў. У чэрвені 2004-га за парушэньне "правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў" дэпартавалі ва Ўкраіну, гэтаксама тэрмінам на 5 гадоў, намесьніка рэдактара газэты "Время" Міхаіла Падаляка. Празь месяц быў зачынены карпункт Усерасейскай тэлерадыёкампаніі і пазбаўленыя акрэдытацыі чацьвёра журналістаў тэлеканалу "Россия". У сакавіку 2009-га такі ж лёс напаткаў карэспандэнта польскай "Gazety Wyborczej" Анджэя Пачобута.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG