Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан пацярпелых падчас аварыі на "Пінскдрэве" стабільна цяжкі


У абласной бальніцы Берасьця знаходзяцца трое пацярпелых падчас аварыі на "Пінскдрэве". Стан ахвяраў выбуху і надалей застаецца складаным. Паводле загадчыка рэанімацыйнага аддзяленьня абласной бальніцы Ігара Лобана, пацярпелыя дастаўленыя ў абласную бальніцу з апёкавымі траўмамі і палітраўмамі. Стан пацыентаў стабільна цяжкі.

"Лекарам удалося купіраваць апёкавы шок. Але вельмі шмат іншых праблем. Даваць нейкія прагнозы — вельмі няўдзячная справа. Па-рознаму паводзіць сябе арганізм, па-рознаму атрымліваецца змагацца з гнойна-сэптычнымі ўскладненьнямі, зь іншымі ўскладненьнямі, якія могуць быць у гэтых пацыентаў".

Паводле слоў доктара, ступень паражэньня ўчасткаў цела апёкамі ў іх складае ад 50 да 100%. Прычым ва ўсіх сытуацыя ўскладняецца тэрма-інгаляцыйнай траўмай. Гэта значыць, яны дыхаюць пры дапамозе апаратаў. Кожны дзень пацярпелым па некалькі разоў робяць перавязкі. Працуюць апёкавыя хірургі, якія здымаюць зьмярцьвелыя ўчасткі, каб пазьбегнуць атручэньня арганізму. Хворых саграваюць, праводзіцца штучная вэнтыляцыя лёгкіх, абязбольваньне.

Сваякі прыяжджаюць зь Пінску да пацярпелых, але пакуль лекары іх ня могуць пусьціць у палату. Арганізм пацярпелага ад апёку вельмі ўспрымальны да інфэкцый.

На сёньня ў абласной бальніцы Берасьця знаходзяцца:

Гарошка Эдуард Уладзіміравіч, 1977
Сьмірноў Алег Алегавіч, 1981
Ярмак Павел Анатолевіч, 1976
XS
SM
MD
LG