Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Спадар Уладзімер, Вашая кніга "Таямніцы полацкай гісторыі" выходзіла ўжо, калі не памыляюся, пяцьцю выданьнямі, але падзеі ў ёй нязьменна завяршаліся прыкладна сто гадоў таму. Ці не прыйшоў час натхніцца ХХ стагодзьдзем ды напісаць працяг, якога даўно чакаюць ня толькі палачане?

Іраклі, Віцебск

"Таямніцы" — неверагодна дарагая для мяне кніга. Гэта прызнаньне ў любові да гораду, дзе прыйшоў на сьвет і дзе, напэўна, некалі будзе жыць мая душа.

Я ня схільны пераацэньваць вартасьці кнігі і выдатна разумею, што ў прафэсійных гісторыкаў да яе можа быць шмат прэтэнзіяў. Карыстаючыся момантам, хачу сказаць дзякуй аднаму зь іх, Уладзімеру Лобачу, які ў праграме "Пяцікніжжа Свабоды" нагадаў, што "Таямніцы" — не акадэмічная манаграфія і таму папрокі ў бок аўтара выглядаюць гэтаксама несур’ёзна, як і абвяржэньне ісьціны, што "ад Полацку пачаўся сьвет".

Вы ведаеце, з усяго выдадзенага мной найбольшую пошту атрымалі менавіта "Таямніцы". Калі кніга зьявілася ўпершыню, мы яшчэ ня мелі раскошы карыстацца інтэрнэтам. Сотні тры водгукаў, што прыйшлі адусюль, дзе жывуць палачане альбо іхнія нашчадкі, мелі традыцыйную форму лістоў, а часам і цяжкіх бандэроляў. Я шчасьліва жартаваў, што мне не напісалі толькі пінгвіны з Антарктыды.

Тая пошта павялічыла наступныя выданьні кнігі на сотню з гакам новых старонак. Да прыкладу, захаваныя ўнукамі ўспаміны полацкага кадэта Барыса Вержбаловіча дадалі мноства яскравых дэталяў у карціну полацкага жыцьця на самым пачатку мінулага стагодзьдзя. Чаго варты хаця б аповед пра апошняга сьведку напалеонаўскага паходу, амаль стогадовага дзядка на мянушку Напалеон (на іншае імя ён проста не адгукаўся), якому кадэты штораніцы па чарзе аддавалі свой сьняданак — катлету з трохкапеечнай францускай булкай!

У кнізе вы знойдзеце шмат "вылазак" у пазьнейшыя часы, але ейная храналягічная табліца сапраўды сканчваецца 1915 годам, калі ў Полацку зьявіўся першы аўтамабіль і адчынілася беларуская кнігарня, дзе загадчыцай была паэтка Канстанцыя Буйла (памятаеце: "Люблю наш край, старонку гэту..."?).

Між тым у мяне сабралася некалькі паліц і прыскрынкаў новых матэрыялаў. Здаецца, іх хутка ўжо можна будзе лічыць на пуды.

Мае будучыя героі ажываюць, бадзяюцца па кватэры, кудысьці (напэўна, у свае эпохі) зносяць кнігі з гэтак званага кабінэту...

Я ўсё часьцей п’ю гарбату з полацкім павятовым маршалкам Людвікам Беліковічам.

Распытваю, як ён у 1834 годзе езьдзіў па Беларусі, зьбіраючы подпісы (sic!) пад пратэстам супроць перасьледу ўніятаў. Сёньняшнім зьбіральнікам подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты, магчыма, будзе цікава ведаць, што на дваранскіх выбарах у Віцебску акт падпісалі 172 шляхцічы. Нехта падумае, што малавата, але ж подпіс мог каштаваць судовага працэсу і сэквэстрацыі маёнтка.

Мой госьць з XVI стагодзьдзя, як сказалі б цяпер, нефармальны лідэр полацкай шляхты Зьміцер Корсак, аддае перавагу напоям, мацнейшым за гарбату з малаком. Падазраю, што якраз ён у маю адсутнасьць сядае на вэлятрэнажор і накручвае не мае звычайныя 10 км, а многія дзясяткі міляў. Энэргія ў пана Зьмітра біла цераз край. Змагаючыся за права полацкай шляхты самастойна выбіраць свайго ваяводу, а не пакорліва прымаць прызначанага вялікім князем і каралём, Корсак аднойчы сарваў ваяводзкі соймік. А ў 1575 годзе на элекцыйным сойме Рэчы Паспалітай адзіны з усіх паслоў Вялікага Княства Літоўскага выказаўся за абраньне нашым манархам швэдзкага караля Юхана ІІІ...

Натуральна, усё больш вабіць і прамінулае стагодзьдзе. Паэт Алесь Дудар, гартаючы мае "Імёны Свабоды", слушна пытаецца, чаму ў прысьвечанай яму эсэйцы няма згадкі пра тое, як ён кіраваў полацкай акруговай філіяй "Маладняку". Можа, якраз у той час ён задумаў верш "Пасеклі край наш напалам"?

Ня сьмеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы...


На гэтай пасадзе Дудара зьмяніла асоба таксама пасіянарная і зь ня менш трагічным лёсам — краязнавец Валяр’ян Сянкевіч. У 1925 годзе ён наладзіў у Полацку такое маштабнае сьвяткаваньне 400-годзьдзя беларускага друку, што менскім беларусафобам пачалі сьніцца кашмары, а "Савецкая Беларусь" і "Зьвязда" зь нечай каманды надрукавалі ананімны ліст-данос "белорусса-полочанина". Вось невялікая цытата: "Белорусизаторы, составив грамматики, хрестоматии, учебники, словари, за два года своей деятельности приобрели капитал, выстроили новые домишки, а бедное забитое население за это время еще более стало малограмотным. Белорусский язык не имеет литературы (ведь нельзя же считать большими литераторами таких письменников как Купала и Колас)…"

Ці не таму заплянаванае на вясну 1926 году адкрыцьцё ў Полацку помніка Францішку Скарыну адтэрмінавалася амаль на паўстагодзьдзя?

Дзякуючы дасьледніцы Натальлі Сергіенцы ў мае рукі нядаўна патрапілі матар'ялы пра крыжовы шлях расстраляных у 1930-х полацкага ксяндза Адольфа Філіпа і арганіста Адольфа Кохана…

Такім чынам, працяг "Таямніцаў" пакрысе набывае рэальныя абрысы. Калі Бог падаруе час, можа, нават зьявіцца другі том.

А тым, хто спрабуе натхніць мяне на "Таямніцы" наваградзкай, віцебскай, гомельскай ці яшчэ якой гісторыі, хачу сказаць: такія кнігі мусяць пісаць людзі, што бегалі па той зямлі босенькія.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG