Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх актывістаў усю ноч пратрымалі азэрбайджанскія памежнікі


Аксана Самуйлава
Аксана Самуйлава
Шасьцярым актывістам няўрадавай арганізацыі "Модэс" з Магілёва азэрбайджанскія памежныя службы забаранілі ўезд у краіну. Іх утрымлівалі на мяжы ўсю ноч. Аксана Самуйлава, Вадзім Пагосьцер, Мікалай Лапуцін, Крысьціна Сібагатуліна, Аляксандар Гарбачоў знаходзіліся ў паліцэйскім участку памежнага пераходу "Баюк Касік". Адтуль яны вярнуліся ў Тбілісі. Са сталіцы Грузіі яны накіроўваліся ў Баку, каб вылецець у Менск.

Актывісты ў складзе міжнароднай місіі зьбіраліся назіраць за парлямэнцкімі выбарамі ў Азэрбайджане, якія адбыліся 7 лістапада. У Тбілісі, куды яны прыляцелі зь Беларусі, ім стала вядома, што выбарчую акрэдытацыю азэрбайджанскія ўлады анулявалі. Дачакаўшыся заканчэньня выбараў, беларускія актывісты, маючы квіткі на самалёт з аэрапорту Баку, туды й накіраваліся цягніком.

"Квіткі на самалёт з Баку намі былі замоўленыя загадзя. З Грузіі мы выехалі без праблемаў. А вось на мяжы з Азэрбайджанам нас павялі на кантроль. Нашы пашпарты адразу ж адклалі. Потым прыйшлі супрацоўнікі памежных службаў і настойліва папрасілі прайсьці за імі. Мы спрабавалі ім патлумачыць сытуацыю — што мы не затрымаемся ў Азэрбайджане доўга, а адразу вылецім у Беларусь. Нічога не атрымалася. Цяпер мы сядзім у пакоі пэрсаналу мытні. Тут пяць зэдлікаў, тэлевізар, партрэт прэзыдэнта і адна батарэя. За дзьвярыма краты. І яшчэ адна коўдра на ўсіх. Нам сказалі, што а дзясятай гадзіне раніцы будзе цягнік на Тбілісі й нас адправяць на ім туды. Такім чынам, у Баку мы не трапляем. І білеты нашы прападаюць. З Тбілісі давядзецца набываць квіткі на Менск", паведаміла ў тэлефоннай гутарцы Аксана Самуйлава.

4 лістапада ў аэрапорце Баку анулявалі выбарчую акрэдытацыю яшчэ адной актывістцы "Модэса" — Тацяне Каралёвай. Яе таксама затрымалі, але неўзабаве ўсё ж дазволілі ўехаць у краіну. Аднак ёй катэгарычна забаранілі выконваць любыя дзеяньні, зьвязаныя з выбарамі. У Азэрбайджане ёй дазволілі заставацца толькі як турыстцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG