Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскія актывісты ўшанавалі памяць ахвяраў сталінізму


Сябры КХП БНФ і партыі БНФ, вернікі каталіцкай і грэка-каталіцкай парафій правялі талаку ва ўрочышчы Кабыляцкая гара ў Воршы і ўшанавалі памяць расстраляных там у 1930-50-я гады ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Паводле сябра КХП БНФ Юрыя Конышкі, на гэтым, другім пасьля Курапатаў афіцыйна прызнаным месцы массавых расстрэлаў, сёньня сабралася каля 20-ці чалавек.

Імшу па бязьвінных ахвярах таталітарызму правялі па каталіцкім і грэка-каталіцкім абрадзе. Яна праходзіла каля каменя-помніка, усталяванага тут у 1990-я гады. У той час гарадзкія ўлады таксама бралі ўдзел у жалобных імпрэзах на Дзяды, але пасьля 1995-га году і добраўпарадкаваньне мэмарыялу, і памінальныя службы сталіся клопатам выключна прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці.

Сёньня ва ўрочышчы Кабыляцкая гара садзілі дрэвы ў памяць пра расстраляных, а потым запалілі сьвечкі, усклалі белыя ды чырвоныя кветкі і вянок з надпісам “Ахвярам сталінізму ад партыі БНФ і КХП БНФ”.

Тут, на ўзлеску пад Воршай, паводле ўспамінаў старажылаў, было расстраляна каля 5-ці тысяч чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG