Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Soap-dodging", або ўсясьветныя ўцёкі ад мыла


Колькасьць людзей, якія пагарджаюць правіламі асабістай гігіены, расьце з кожным днём, прычым многія сьвядома ігнаруюць душ ці нават увогуле кран з вадой. Такую выснову робяць аглядальнікі амэрыканскай The New York Times і брытанскай The Guardian. New York Times назвала гэтую зьяву "soap-dodging", або ўцёкі ад мыла.

Пасьлядоўных мурзатых становіцца ўсё больш


Як піша New York Times, у якасьці альтэрнатывы мылу ды іншым гігіенічным сродкам — душу, ваньне, мыцьцю валасоў, дэзадаранту — усё часьцей выкарыстоўваюцца нарэзаная цытрына пад пахі, дзіцячыя вільготныя сурвэткі і розныя прысыпкі. Праўда, дадае выданьне, паколькі большасьць "уцекачоў ад мыла" маюць працу, ім усё ж даводзіцца мыцца — хаця б раз на месяц.

Паводле лёнданскай The Guardian, такую тэндэнцыю можна назіраць ня толькі ў ЗША, але і ў Мэксыцы, Аўстраліі, шмат якіх краінах ЭЗ, дзе сярод лідэраў у гэтай галіне — Францыя ды Вялікабрытанія. Як вынікае з апытаньня, праведзенага лёнданскай маркетынгавай кампаніяй Mintel International Group Ltd, прыкладна 41% брытанцаў мужчынскага полу і 33% — жаночага ня мыюцца штодня. Толькі 12% адзін ці два разы на тыдзень паўнавартасна прымаюць ванну або душ. Большасьць жа падлеткаў увогуле ня мыюцца штодня, выкарыстоўваючы, каб замаскаваць пах поту, дэзадаранты.

У сваю чаргу, брытанскі журналіст Мэт'ю Пэрыс адкрыта заяўляе, што мыць галаву наогул ня трэба. Паводле ягоных слоў, ён ня мыў валасы ўжо 10 гадоў. Дарэчы, у 2008 годзе продаж сухога шампуню маркі Boots, які можна распыляць на валасы ў прамежках паміж іх мыцьцём, вырас на 45%. Як адзначаюць прыхільнікі гэтай тэндэнцыі, на працягу гісторыі людзі вельмі рэдка мыліся, і гэта было нормай. Апантанасьць празьмернай чысьцінёй — памылка апошняга часу, перакананыя адэпты "soap-dodging".

Падставамі для зьяўленьня гэтай масавай тэндэнцыі сталі, паводле аглядальнікаў, наступныя фактары:

Высновы эколягаў

На думку вядомага брытанскага эколяга Донахада Макарці, дзеля эканоміі прэснай вады выкарыстаньне душу можна скараціць да аднаго-двух разоў на тыдзень, а для ўсяго астатняга "ёсьць ракавіна".

"Я так раблю і лічу, што такі ж чысты, як і ўсе астатнія". Паводле эколяга, такія захады дапамаглі яму значна зьнізіць спажываньне вады (да 20 літраў у дзень), тым часам як у сярэднім па Вялікабрытаніі на чалавека ў дзень ідзе да 100-150 літраў.

Паводле Макарці, калі на пачатку 1950-х ванны былі толькі ў 2/5 брытанскіх дамоў, то сёньня, калі чысьціня ператварылася ў фэтыш, аб’ём дзённага адтоку вады ў гатэлі складае каля 1000 літраў (душ раніцай, пасьля саўны, пасьля басэйну, перад абедам, перад сном). Што да рынку мыла, то яго цяперашні гадавы аб’ём роўны $24 млрд.

Высновы дэрматолягаў і алерголягаў

Сярод брытанскіх ды іншых эўрапейскіх дэрматолягаў усё часьцей можна пачуць, што інтэнсіўнае, рэгулярнае мыцьцё з выкарыстаньнем разрэклямаваных шампуняў, геляў ды іншых падобных сродкаў пазбаўляе нашу скуру мікробаў, якія могуць быць і карыснымі для чалавека. Гэтак званы прыродны скафандар, які захоўвае скуру здаровай і сьвежай, разбураецца, а сам чалавек пачынае хварэць.

Што да мыйных сродкаў, то яны могуць выклікаць алергію.

Як сьцьвярджаюць алерголягі, калі з вадой, паветрам, прадуктамі харчаваньня ў арганізм трапляюць прыкладна 20 шкодных рэчываў, то з прадуктамі бытавой хіміі і сродкаў догляду за сабой чалавек атрымлівае астатнія 80% шкодных інгрэдыентаў (у тым ліку таксінаў і канцэрагенаў).

Высновы псыхолягаў

Тым часам псыхолягі ды псыхіятры тлумачаць soap-dodging пэўным унутраным станам чалавека.

Па-першае, нежаданьне дзяцей ды падлеткаў мыцца, прычэсвацца, мяняць бялізну, у спалучэньні з тым, што яны робяцца ўсё больш замкнёнымі, — прыкмета нарастаньня сындрому шызаідацыі. У дадзеным выпадку мурзатасьць можа выступаць мэханізмам псыхалягічнай абароны.

Па-другое, дэманстратыўны soap-dodging можа быць спантанным адказам цывілізаваных грамадзянаў на рост такога распаўсюджанага ў разьвітых краінах нэўрозу дакучлівага стану, як абсэсіўна-кампульсіўнае расстройства (ад ангельскіх "obsession" — "навязьлівая ідэя" і "compulsion" — "прымус"). Клясычным прыкладам гэтай хваробы лічыцца страх забруджваньня, пры якім у хворага кожнае сутыкненьне з бруднымі, на яго думку, прадметамі выклікае дыскамфорт і, як вынік, навязьлівыя думкі. Каб пазбавіцца ад гэтых думак, ён пачынае мыць рукі. Але нават калі яму ў нейкі момант здаецца, што ён дастаткова вымыў іх, кожнае далейшае сутыкненьне зь нечым "брудным" прымушае яго пачаць свой рытуал ізноў.

Выснова Гіпакрата

Апошнія публікацыі ў амэрыканскім і брытанскім выданьнях выклікалі вялікую заклапочанасьць як у грамадзкіх, так і ў мэдычных колах. Многія адмыслоўцы прыводзяць словы Гіпакрата, які хоць і жыў у часы, калі не было такой, як цяпер, фэтышызацыі чысьціні, але заўсёды падкрэсьліваў: "рэгулярная гігіена — аснова здароўя чалавека".

Як сьцьвярджаюць інфэкцыяністы, "уцякаючы" ад мыла, лёгка дабегчы да ўсіх "хвароб брудных рук", якія ніхто не адмяняў. У выпадку ж, калі бытавая хімія выклікае алергію, можна заўсёды знайсьці яе гіпаалергенныя гатункі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG