Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы расчараваныя тым, як улада фармавала выбаркамы


Сёньня кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абнародавала папярэднюю справаздачу па выніках назіраньня за фармаваньнем участковых выбарчых камісій. Праваабаронцы адзначаюць дыскрымінацыйнае стаўленьне выканкамаў да прадстаўнікоў апазыцыйных партый — тыя складаюць толькі чвэрць працэнту ад агульнай колькасьці сяброў камісій.

З 84084 прадстаўнікоў, вылучаных у склад 6346 участковых выбарчых камісіяў палітычнымі партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі, працоўнымі калектывамі, толькі 1073 вылучаліся апазыцыйнымі палітычнымі партыямі.

І з гэтых 1073 чалавек у склад камісій увайшлі 183 чалавекі.

У выніку прадстаўнікі апазыцыйных партый складаюць 0,25% ад агульнай колькасьці сябраў участковых выбарчых камісіяў. Чаму так адбылося? Камэнтуе кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

Алег Гулак
«Перш за ўсё па Менску нашы назіральнікі фіксавалі тое, што прадстаўнікі апазыцыйных структур не ўключаліся ў камісіі па той матывацыі, што, маўляў, зь імі цяжка працаваць, што яны пішуць скаргі, што яны нязручныя, ня здольныя працаваць у камандзе. І таму іх не ўключылі ў склад камісій, што яшчэ раз пацьвярджае нашу выснову пра дыскрымінацыйны характар фармаваньня гэтых камісій».

Толькі юрыстамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пададзена 77 скаргаў па фактах адмоваў на рашэньні выканкамаў па ўключэньні ў камісіі, распавёў Алег Гулак:

«Гэтыя скаргі пададзеныя ў суды. На працягу трох дзён гэтыя скаргі павінны быць разгледжаны. Канечне, мы ня маем тут вялікіх ілюзій, таму што гэта ўжо ня першая спроба абскарджваць. Пакуль усе спробы былі безвыніковыя. Але для нашага маніторынгу ў любым выпадку важна выкарыстаць усе спосабы, усе сродкі прававой абароны».

Накіраваная скарга і ў Цэнтравыбаркам на пастанову самога ЦВК, якой урэгуляваная працэдура накіраваньня назіральнікаў. Згодна з гэтай пастановай, цэнтральным органам рэспубліканскіх арганізацый забаронена накіроўваць назіральнікаў на ўсе ўчасткі і выбарчыя камісіі.

Алег Гулак: «У Бабруйскім раёне нашы назіральнікі атрымалі адказ з адмовай у запрашэньні, у якім было напісана, што прысутнасьць назіральнікаў неправамерная на такіх мерапрыемствах. Насамрэч беларускае заканадаўства ніякім чынам не ўрэгулявала гэтае пытаньне, бо назіральнікі, адпаведна Выбарчаму кодэксу, маюць права прысутнічаць на паседжаньнях выбарчых камісій пры падліку галасоў, а гэта ня выбарчая камісія. Гэтая працэдура не прапісаная, але ж існуе агульная норма аб тым, што выбары праводзяцца адкрыта і галосна».

Валянцін Стэфановіч
Наагул, у рэгіянальных мас-мэдыях прэзыдэнцкія выбары амаль не асьвятляюцца, сьцьвярджае праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

«У рэгіёнах СМІ адлюстроўваюць толькі Ўсебеларускі народны сход. І гэтаму аддаецца больш увагі, чым, уласна кажучы, выбарам. Пра сход пішацца шмат: як ідзе падрыхтоўка да яго, як вылучаюцца дэлегаты. А пра выбары інфармацыі мала. І яшчэ менш інфармацыі адносна кандыдатаў. Пра іх ня пішацца, прозьвішчы іхнія ня ўзгадваюцца».

У цэлым «Праваабаронцы за свабодныя выбары» робяць такія высновы: «Хаця з пункту гледжаньня адпаведнасьці нацыянальнаму заканадаўству працэс фармаваньня камісій адбываўся бяз значных парушэньняў, вынік яго не дазваляе лічыць утвораныя ўчастковыя камісіі бесстароннімі і неперадузятымі».
XS
SM
MD
LG