Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лістапад-2010": палітычна-ідэалягічны прысмак


5 лістапада ў Менску адкрываецца 17-ты кінафэстываль «Лістапад». Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, арганізатары ўсё ж спадзяюцца надаць імпрэзе эўрапейскі антураж — запусьціць удзельнікаў і гасьцей на цырымонію адкрыцьця ў Палацы рэспублікі па чырвонай дывановай дарожцы. Між тым экспэрты разважаюць пра тое, ці толькі культурніцкую місію нясе фэстываль напярэдадні важнай палітычнай падзеі — прэзыдэнцкіх выбараў.

Фэстываль «Лістапад» адбываецца на тле пагаршэньня беларуска-расейскіх дачыненьняў — і гэта адбілася на арганізацыі імпрэзы. Упершыню расейскі дэсант у Менску такі сьціплы, а ў піку Крамлю запрошаныя грузінскія зоркі — Нані Брэгвадзэ і Вахтанг Кікабідзэ. Апошні, дарэчы, публічна адмовіўся ад расейскага ордэна Дружбы, заявіўшы, што такія «сябры» яму не патрэбныя. Апроч таго, заяўленая прысутнасьць іншых знакавых пэрсонаў — сэрбскага рэжысэра і музыкі Эміра Кустурыцы, італьянскай актрысы Арнэлы Муці, народнага артыста Ўкраіны Багдана Ступкі. Прафэсійнае журы ўзначаліць выбітны літоўскі рэжысэр Шарунас Бартас. Зьнешнія зьмены ацэньвае кінакрытык Ала Бабкова:

«Скажу адну рэч, якая відавочная, але якую ўсё ж трэба падкрэсьліць. Гэты фэстываль — ня толькі культурніцкая акцыя, але і палітычна-ідэалягічная.
Гэты фэстываль — ня толькі культурніцкая акцыя, але і палітычна-ідэалягічная.
Па-першае, удзел Кікабідзэ і Брэгвадзе — зразумела, каму і навошта ў піку гэта робіцца. Мяркую і думаю, што так яно і ёсьць, хоць гэта і недаказальна. Па-другое, заўсёды тут хацелі сабраць шмат краінаў, каб паказаць, што мы не ізаляваныя. І сёлета гэты фактар, як вы разумееце, яшчэ больш важкі. Таму і пайшлі па шляху „мабілізацыі“: Кустурыца зьбіраўся быць, пэўна, на цырымоніі закрыцьця, Арнэла Муці павінна прыехаць зараз, Кікабідзэ ўжо прыехаў».

Сёньня ў рамках адкрыцьця «Лістападу-2010» адбудзецца сымбалічная перадача ўлады. Пасьля 16 гадоў на чале аргкамітэту фэстывалю народны артыст СССР Расьціслаў Янкоўскі саступіць месца Генадзю Давыдзьку — былому кіраўніку Купалаўскага тэатру, а цяпер дэпутату Палаты прадстаўнікоў. Кажа, што сыходзіць з пасады «са сьветлым сумам», але перажывае, што і гэтым разам Беларусь на кінафоруме можа застацца без галоўнага прыза. Патрыятычная драма «Брэсцкая крэпасьць» будзе паказаная па-за конкурсам, а ў айчынны трылер «Масакра» ён асабліва ня верыць:

«Брэсцкая крэпасьць» у конкурсе ня ўдзельнічае, яна проста паказваецца. Што тычыцца іншага фільма, то нешта прагназаваць складана, усё будзе вырашаць журы. Будзе строгае журы, праўда, я нават ня ведаю таго рэжысэра, але кажуць, што гэта знакаміты літоўскі рэжысэр, які працуе ў Францыі, вось якраз яго запрасілі. Будзем глядзець, як ён складзе журы. Аб’ём працы надзвычай вялікі, і я заўсёды з павагай стаўлюся да рашэньняў і працы журы. Паглядзім, бо шмат залежыць ад узроўню. Прыкладам, летась узровень карцін быў такі высокі, што нават старшыня журы сказаў: ведаеце, гэта нават вышэй, чым на Маскоўскім фэстывалі. І калі нехта з нашых рэжысэраў заявіў: маўляў, Расьціслаў Іванавіч, ну дзе нам цягнуцца за фільмамі, якія выйгралі нейкую прэмію ў Канах ці яшчэ дзесьці, — то я адказаў: а што вы хочаце — зьніжаць узровень да вашага ўзроўню? Гэта сьмешна! Цягніцеся, рабіце, стаўце добрыя карціны! Гэта мастацтва, як жа інакш?"

І ўсё ж ці можна казаць, што статус менскага кінафэстывалю паступова падвышаецца, адыходзячы ад узроўню местачковасьці да эўрапейскасьці? Кінакрытык Ала Бабкова кажа, што некаторыя праявы цывілізаванасьці сапраўды ёсьць — найперш, што тычыцца зьменаў у ацэнцы кінапрацаў:

«Самае галоўнае, што было зроблена ў гэтым годзе, — скасаваныя галоўныя прызы ад імя гледачоў. Чаму гэта правільна? Ва ўсіх краінах існуюць прафэсійныя журы. У нас таксама на папярэдніх імпрэзах было кінэматаграфічнае прафэсійнае журы, але яно не было галоўным. Галоўным лічылася глядацкае журы. Што гэта азначае ў нашых умовах? Амаль кожны год па выніках глядацкага галасаваньня беларускі фільм — а гэта ў асноўным былі дрэнныя фільмы — атрымліваў другі ці трэці прыз…»
На „Ката“ а 12-й гадзіне прывялі школьнікаў і праінструктавалі, як трэба галасаваць.


Карэспандэнт: «Пэўна, якраз паказальны прыклад зь фільмам „На сьпіне ў чорнага ката“, дзе адну з галоўных роляў выканала ўнучка Лукашэнкі…»

«Так. На „Ката“ а 12-й гадзіне прывялі школьнікаў і праінструктавалі, як трэба галасаваць. Яны і прагаласавалі. Акрамя таго, 300 квіткоў раздалі бясплатна студэнтам, і таксама яны мелі інструктаж — маўляў, трэба дзясяткі альбо дзявяткі ставіць. А я потым паглядзела ў інтэрнэце, дзе была ўся шкала — ад 10 да 1. Дык вось, „10“ паставіла адна жанчына, якая напісала: стаўлю дзясятку таму, што фільм не пра вайну. Усё гэта аб’ектыўна паказвала, што ўсё было, як кажуць, пад кантролем і зроблена „так, як трэба“. Таму правільна, што зараз усім будзе займацца прафэсійнае журы. І я думаю, што там ужо ня будзе ніякіх прыпісак».

Беларусь на «Лістападзе» будзе прадстаўляць першы містычны трылер, які сёлета сышоў з канвэеру «Беларусьфільму». Рэжысэр «Масакры» Андрэй Кудзіненка доўгі час быў адлучаны ад здымачных магутнасьцяў нацыянальнай кінастудыі, але ва ўмовах «лібэралізацыі» атрымаў магчымасьць «злучыць» на «Беларусьфільме» эўрапейскага мядзьведзя-пярэваратня са старажытнабеларускімі легендамі. Ці будзе прэтэндаваць стужка на высокую ацэнку журы — асабліва з улікам немагчымасьці глядацкіх «прыпісак»? Гаворыць Ала Бабкова:

«Так, я на баку Андрэя Кудзіненкі, Канановіча і ўсіх, каго вярнулі на „Беларусьфільм“. Гэта, безумоўна, добры факт. А што тычыцца фільму „Масакра“, то я бачу, што Кудзіненка, Клінаў — яны глядзяць на Беларусь ня так, як нашы „бігборды“, плякаты — у брылі дзядзька робіць саламяныя вырабы. Яны глядзяць на Беларусь, на беларускую гісторыю з глыбіні. Але праблема ў тым, што Кудзіненку не хапае досьведу. Ён зрабіў добрую, цікавую стужку, аднак там многа сумбуру. Не хапіла сродкаў, як я бачу, шмат чаго іншага. Але яшчэ раз паўтару: Андрэй яшчэ недастаткова вопытны. Ён хацеў там вельмі многа сказаць пра нашу гісторыю, але патрэбен гэткі ювэлірны падыход, каб усе гэтыя падтэксты зрабіць зразумелымі, арганічнымі для драматургіі фільму. Але калі дагэтуль да кінастудыі папросту не падпускалі, то адкуль гэты досьвед возьмецца?»
XS
SM
MD
LG