Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выбары ў Украіне не адпавядалі стандартам адкрытасьці”


Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан у інтэрвію нашаму радыё выказаўся пра стаўленьне Белага Дому да розных аспэктаў міжнароднай палітыкі.

Філіп Гордан заявіў, што для паляпшэньня беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў афіцыйны Менск павінен зрабіць шэраг крокаў (падрабязьней можна прачытаць тут).

Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі таксама сказаў:

пра падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Расеі:

“Калі прэзыдэнт быў у Маскве дзеля сустрэчы на вышэйшым узроўні, думаю, палову свайго часу ён правёў з лідэрамі грамадзянскай супольнасьці, няўрадавых арганізацый, апазыцыйных палітычных лідэраў – даючы зразумець, што ў той час, як ў нас шмат спраў з кіраўніцтвам Расеі, і што гэта добра, -- мы таксама засяроджаныя на грамадзянскай супольнасьці, вяршэнстве закону і дэмакратыі”.

пра дэмакратычныя пэрспэктывы Украіны:

“Мясцовыя выбары, якія адбыліся ў апошнюю нядзелю, мы лічым, не адпавядалі стандартам адкрытасьці і справядлівасьці, якія прысутнічалі на прэзыдэнцкіх выбарах у пачатку года, напрыклад. І віцэ-прэзыдэнт (Джозэф Байдан – Свабода) гутарыў з прэзыдэнтам Януковічам пра важнасьць захаваньня дэмакратычных рэформаў... У больш шырокім аспэкце, украінскае кіраўніцтва заявіла, што хоча прасоўвацца на шляху дэмакратыі, і мы маем намер працаваць зь ім для дасягненьня гэтай мэты. Яны заявілі, што жадаюць праводзіць збалянсаваную зьнешнюю палітыку паміж Расеяй і Захадам, і мы сказалі, што вы можаце мець добрыя адносіны з Расеяй і добрыя адносіны з ЗША і ЭЗ адначасна”.

пра расейска-грузінскі канфлікт:

“Адносіны Расеі са шмат якімі краінамі сьвету, і па сутнасьці, яе рэпутацыя, ніколі ня будуць такімі, якімі расейцы жадаюць іх бачыць, да таго часу, пакуль будзе працягвацца, з пункту гледжаньня большасьці краінаў сьвету, акупацыя сувэрэннай дзяржавы. Калі Расея прызнала Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, яна спадзявалася на падтрымку іншых краінаў, але яны гэтага не зрабілі. І гэта пастаянна будзе праблемай для Эўразьвязу і, канешне, для Злучаных Штатаў. ... Ня думаю, што было б у інтарэсах Грузіі, калі б мы сказалі, што мы адмаўляемся мець справу з Расеяй, што мы адмаўляемся шукаць кропкі сутыкненьня, што мы адмаўляемся ад якога-небудзь пагадненьня ў нейкай галіне, пакуль праблема Грузіі ня будзе вырашаная... Такім чынам, мы ўздымаем гэтае пытаньне на двухбаковай падставе з кіраўніцтвам Расеі, мы дапамагаем Грузіі га міжнароднай арэне на перамовах у Жэнэве... Мы пасьпяхова заклікалі іншыя краіны не прызнаваць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Мы трымаем гэта на міжнароднай павестцы дня.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG