Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Байковай зьвярнуўся ў Генпракуратуру са скаргай на бязьдзеяньне


Сьвятлана Байкова

Сьвятлана Байкова

Адвакат Міхаіл Воўчак зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру Беларусі са скаргай на бязьдзеяньне органа, які вядзе крымінальны працэс у дачыненьні да ягонай падабароннай, старшага сьледчага па асабліва важных справах Генпракуратуры Сьвятланы Байковай.

Грунтуючыся на зьвестках праслухоўваньня КДБ, якія фігуруюць у матэрыялах сьледзтва, у сваім звароце ў Генпракуратуру Міхаіл Воўчак заявіў, што папярэдняе сьледзтва наўмысна не дало прававой ацэнкі супрацьпраўным дзеяньням афіцэра міліцыі, які ўваходзіў у склад сьледчай групы Байковай, перадае БелаПАН.

Між тым, паводле адваката, гэты афіцэр, "зблякаваўшыся з абвінавачаным Малочкам П.В.", выкарыстаў свае службовыя паўнамоцтвы на шкоду крымінальным справам, якія расьсьледавала Байкова.

"Як старшы сьледчы па асабліва важных справах ГУПР МУС, уваходзячы ў склад сьледчай групы пракуратуры Рэспублікі Беларусь, кіраўніком якой зьяўлялася Байкова С.А., ён меў доступ да матэрыялаў крымінальнай справы, злоўжываў уладай і наўмысна абвяшчаў зьвесткі дазнаньня і папярэдняга сьледзтва грамадзяніну Нямеччыны Малочку П.В.", — адзначыў адвакат.

У звароце ў Генпракуратуру Воўчак прыводзіць вытрымкі з пратаколаў праслухоўваньня КДБ, якія пацьвярджаюць, як ён лічыць, яго высновы.

Сьвятлана Байкова была затрымана супрацоўнікамі КДБ 25 лютага 2010 году паводле падазрэньня ў перавышэньні ўлады. Крымінальныя справы ў дачыненьні да яе былі распачатыя КДБ 24 лютага паводле прыкметаў складу злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 399 (незаконнае вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці) і 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэксу.

Павал Малочка — фігурант дзьвюх крымінальных спраў, у тым ліку "справы Грамовіча" (былога намесьніка начальніка УКДБ па Берасьцейскай вобласьці). Малочка абвінавачваецца ў стварэньні злачыннай арганізацыі і ўдзеле ў ёй. Згодна з матэрыяламі сьледзтва, ягоная група незаконна перамяшчала тавары на многія мільёны даляраў празь беларускую мяжу. Шкода, нанесеная дзяржаве ў выглядзе недаатрыманых мытных плацяжоў, перавысіла 30 мільярдаў рублёў.

Паводле высноў папярэдняга расьсьледаваньня КДБ, Байкова незаконна спыніла вышук Малочкі і мела на мэце вызваліць яго ад адказнасьці. Згодна з пастановай аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанай, старшы сьледчы Генпракуратуры "кансультавала, інфармавала, папярэджвала і г.д." Малочку, каб той пазьбегнуў адказнасьці. З матэрыялаў жа праслухоўваньня, як цьвердзіць адвакат Воўчак, вынікае, што гэтым займалася не яна.
XS
SM
MD
LG