Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне як пачатак


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Вы ўжо столькі ўсяго напісалі і надрукавалі, што атрымліваецца цэлая бібліятэчка. Але ж калісьці ўсё пачыналася. Страшэнна цікава, як гэта было. Ці памятаеце свой першы верш ці першае апавяданьне?

Вераніка

Наконт колькасьці напісанага скажу наступнае. На палічцы з маімі ўласнымі кнігамі стаіць факсымільнае выданьне "Вянка" Максіма Багдановіча, ягоны адзіны прыжыцьцёвы зборнік. Каб аўтар "бібліятэчкі" не задаваўся.

А пачыналася ўсё ў першай клясе.

Вы і безь мяне, напэўна, ведаеце, што ёсьць наймацнейшай крыніцаю натхненьня. Правільна, каханьне. Будзем лічыць, што гэта было ўжо яно.

Ірачка сядзела наперадзе, таму мая памяць найперш малюе худзенькую шыйку з пэрсікавым пушком, у якім заблытаўся камарык недаробленай радзімкі. Мне так не хапала яго, гэтага камарыка, у кароткія, як вераб’іная дзюба, дні й бясконцыя, як бабуліна казка пра рыбіную вайну, вечары першай школьнай зімы, калі я часта хварэў і заставаўся дома адзін...

За нашым драўляным полацкім домам, што стаяў на месцы цяперашняга палаца культуры заводу шкловалакна, пачынаўся ня надта дагледжаны, ужо крыху зьдзічэлы сад. Адтуль прылятаў і завываў у коміне вецер. Яму хтосьці падпяваў — ці то суседзкі сабака Дунай, які ўлетку перакрываў шлях да чужых вішняў, ці то нехта больш вусьцішны. Па кутах гусьцела цемра, дзе варушылася сваё жыцьцё. Я туліўся да цёплай печкі і марыў, каб хутчэй надышло лета і мая каханая патанула ў Дзьвіне.

Я ня быў маленькім нэкрафілам. У апошні момант мне ўдавалася выцягнуць Ірачку на ўтравелы пляж і зрабіць ёй штучнае дыханьне. Аднойчы ўпотай ад бацькоў, з тэмпэратурай я нават хадзіў туды і, стоячы ў сумёце, разглядаў плякаты таварыства выратаваньня на водах. Улетку бераг мусіў быць такі самы пустэльны, бо трэба будзе ўдзьмуваць з сваіх вуснаў у Іраччыны паветра.

Калі ў сваіх мроях я дасягаў таго імгненьня, сэрца вырастала і пачынала вандроўку па зьдзіўленым дзіцячым целе, бессаромна адгукаючыся ў самых розных месцах. Тады рука пад уладаю нейкай невытлумачальнай сілы цягнулася да сшытка ў касую лінейку і хімічнага алоўка. Зь іх дапамогаю вылупляліся птушаняты першых вершыкаў.

Жахлівікі, што хаваліся за шафаю і пад ложкам, падкурчвалі хвасты. Язык ад хімічнага алоўка, які я ўтрапёна смактаў, быццам ледзянец, пашчыпваў і рабіўся сінім. Цяпер я сам мог напалохаць каго заўгодна. Прынамсі, маму, якая неяк засьпела мяне ў працэсе творчасьці. Гэта было выняткам з правілаў, бо звычайна, пачуўшы, што бацькі вяртаюцца з працы, я ліхаманкава вырываў сьпісаныя старонкі й кідаў іх у грубку. Мне ўяўлялася, што мае крамзолі — таямніца, якую, апрача аўтара, можна даверыць толькі агню.

Хлопчык, што рос у зрусыфікаваным горадзе і хадзіў у расейскую школу (іншых проста не было), пісаў па-расейску. Усе вершы былі пра каханьне. Памятаюцца адно асобныя радкі й рыфмы. Напрыклад, такая геніяльная, як весна — тебя. Ды здараліся й пробліскі кшталту брутальнай пары: любовь — кровь.

Аднак нядоўга музыка гучала... Перад летнімі вакацыямі, калі Дзьвіна ўжо рыхтавалася паспрыяць зьдзяйсьненьню маіх крозаў, Іраччынага тату, афіцэра савецкай арміі, перавялі служыць ува Ўладзівасток, і я ўсёй душой узьненавідзеў парослую мохам патыліцу Лёнькі Тамашэвіча, што зьявілася на месцы майго пэрсікавага шчасьця з радзімкаю.

Да наступнага каханьня заставалася тры гады. І калі яно нарэшце агарнула мяне, нарадзіўся першы празаічны твор, напісаны ўжо ў больш дарослым сшытку ў кратку. Гэта было не па гадах жорсткае апавяданьне на модную тады касьмічную тэму. Праўда, у космас ягоныя героі ляцелі ня самі, а запускалі туды са стромы над рэчкай Палатой ужо знаёмага нам даўняга непрыяцеля Дуная.

А першай спробаю пяра назаўсёды засталася нізка вершаў, прысьвечаная Ірачцы.

Калі ты, мая незабыўная, раптам пачуеш ці прачытаеш гэтыя словы, ведай: той нядошлы першаклясьнік Вова Арлоў... Ну, той самы, што пісаў, паводле настаўніцы, "як курыца лапай" і бясконца хварэў на ангіну... Ён па-ранейшаму кахае цябе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG