Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ плянуе пачаць перамовы зь Беларусьсю аб спрашчэньні візавага рэжыму


На пачатку 2011 году паміж Беларусьсю і Эўразьвязам павінны пачацца перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму, зьніжэньні кошту візаў і рэадмісіі.

Пра гэта паведаміў, выступаючы на "Менскім форуме", пасол Латвіі ў Беларусі Міхаіл Папкоўс, перадае Інтэрфакс.

"25 кастрычніка на пасяджэньні Вышэйшай палітычнай рады ЭЗ быў адзначаны прагрэс у падрыхтоўцы прэзыдэнцкіх выбараў і гатоўнасьць забясьпечыць шырокі ўдзел у іх міжнародных назіральнікаў. У радзе ЭЗ абмяркоўвалася таксама пытаньне аб мандаце на перамовы з Рэспублікай Беларусь па двух пагадненьнях: па лібэралізацыі візавага рэжыму і рэадмісіі", — сказаў пасол.

Перамовы могуць стартаваць на пачатку 2011 году.

Пасол таксама нагадаў, што Латвія і Беларусь падпісалі пагадненьне аб спрошчаным парадку перасячэньня мяжы памежным насельніцтвам.

"Мы разьлічваем, што ў поўнай меры ў дачыненьні да Латвіі гэтае пагадненьне пачне працаваць у другой палове наступнага году", — заявіў дыплямат.

Старшыня "Менскага форуму" Райнэр Лінднэр, са свайго боку, адзначыў, што пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму з боку ЭЗ для Беларусі павінна быць падпісана ў Брусэлі безадносна да ацэнкі прэзыдэнцкіх выбараў.

"Візы павінны быць не 60, а хаця б 30 эўра ", — сказаў Р. Лінднэр.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG