Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўнютка я не пісаў пра падзеі ў блогасфэры нашых усходніх суседзяў дый не зазіраў туды, забыўшыся пра яе існаваньне за нашымі хатнімі клопатамі. Нядаўна зазірнуў, а там - «гордо реет буревестнік чёрной молніі подобный». У суседзяў ходзіць чутка пра ваенны пераварот, які мае адбыцца 7 лістапада. Чутка для кагосьці трывожная, для кагосьці абнадзейлівая, шмат для каго залішне кансьпіралягічная і таму бздурная, але, ва ўсялякім разе, упартая. Як гэта часьцей за ўсё бывае, беларускія блогеры не заўважылі сумятні за віртуальнай ўсходняй мяжой. Што можа аднолькава сьведчыць пра: а) бестурботную неабачлівасьць; б) неразьвітую фантазію; в) няўменьне мысьліць размашыстымі катэгорыямі; г) здаровы клёк; д) адсутнасьць шчыльных сувязяў з расейскай блогасфэрай. Напэўна, усяго патроху, але я б асабліва падкрэсьліў пункт «в».

Юлія Чарняўская, якая правяла культуралягічнае дасьледаваньне на тэму «рэпрэзэнтацыі адносінаў беларусаў і расейцаў у беларускай блогасфэры», нядаўна апублікаванае ў «РЖ» (заўважце: у Расеі ўзьнік попыт на беларусаў як на інакшых), цытуе блогерку rysyache, якая, у сваю чаргу, цытуе Юрыя Шаўцова, ён жа guralyuk: «Сапраўды, рускім чалавекам быць у Беларусі нельга. Звычайныя, самыя нявінныя філязофскія разважаньні ў рускім духу ставяць чалавека ў Беларусі перад пагрозай поўнай неадэкватнасьці». Нягледзячы на тое, што спадар Шаўцоў яўна гіпэртрафуе і пераносіць на астатніх асабісты досьвед, гучыць цалкам праўдападобна.

Такім чынам, беларускія блогеры ў асноўным праігнаравалі нявінныя разважаньні ў рускім духу пра меркаваны ваенны пераварот. Аднак я лічу патрэбным пра яго распавесьці, пагатоў раз-пораз у гэтых нявінных разважаньнях усплывала імя Аляксандра Лукашэнкі - як магчымага ідэйнага натхняльніка або спонсара перавароту.

Цяпер ужо цяжка знайсьці канцы пагалоскі. Спускавым кручком, мусібыць, паслужыў вядомы скандал, калі расейскі міністар абароны Анатоль Сердзюкоў (былы дырэктар мэблевай крамы, для вайскоўцаў - «табурэтачны генэрал», «штафірка») абмацюкаў пры падначаленых начальніка Разанскай Паветрана-дэсантнай вучэльні, Героя Расеі, гвардыі палкоўніка Андрэя Красава. Быў той скандал ці не (абодва фігуранты адмаўляліся ад яго), ён трапіў у СМІ і выклікаў хвалю абурэньня.

Яшчэ 14 кастрычніка, па гарачых сьлядах скандалу, блогер spbchel напісаў паведамленьне пад загалоўкам «За Сердзюковым будзе Чавэс». Уга Чавэс, лепшы сябра беларускага народу, тады падпалкоўнік паветрана-дэсантных войскаў, узначаліў у 1992 годзе няўдалую спробу ваеннага перавароту. Блогер зыходзіць з таго, што ад «лацінаамэрыканскіх сцэнараў» (бесьперапынныя ваенныя перавароты, інтэрвэнцыі, голад) Расею дасюль засьцерагала толькі багацьце прыродных рэсурсаў. Але заўважае, што «калі іх не было дваццаць гадоў, гэта зусім не азначае, нібыта іх ня можа быць у прынцыпе». На ягоную думку, сытуацыя, якая робіць ваенную хунту магчымай, у Расеі ўжо склалася. Учынак Сердзюкова стаў ці можа стаць апошняй кропляй, выклікаўшы рэзкую незадаволенасьць генэралітэту.

Блогер лічыць, што Мядзьведзеў з Пуціным знаходзяцца ў патавай сытуацыі: «Пастаў на чале арміі прафэсіянала, сапраўднага вайскоўца – і ён неадкладна пачне дзейнічаць у інтарэсах арміі. Абараняць асабовы склад. Патрабаваць тэхніку. Выбіваць грошы на кватэры, ваенныя пэнсіі і дапамогу сем'ям. У выніку – набываць папулярнасьць і станавіцца патэнцыйным Чавэсам. Значыць – трэба ставіць "свайго", цывільнага, бесталковага, але адданага. Але такі міністар будзе выклікаць моцную незадаволенасьць, што і адбываецца зь Сердзюковым – і тут ужо патэнцыйныя чавэсы зьяўляюцца на ўзроўні камандзіраў дывізіяў. Замкнёнае кола».

Гэта былі тэарэтычныя разважаньні, пазьней гаворка пра пераварот стала больш прадметнай, калі ў мэрыю Масквы былым камандуючым ВПС СССР генэралам Уладзіславам Ачалавым была пададзеная заяўка на правядзеньне акцыі пратэсту «Саюзам дэсантнікаў Расеі» зь меркаваным лікам удзельнікаў каля 10 тысячаў чалавек.



«У мэрыю Масквы пададзеныя заявачныя дакумэнты на правядзеньне ваеннага перавароту ў Расеі», - гэтак расшыфраваў сытуацыю блогер felbert.



Сам ініцыятар мітынгу генэрал Ачалаў, у інтэрвію Tver13.ru заявіў, што ніякага ваеннага перавароту ня будзе, гэта «ўкінутая правакацыя, прыём псыхалягічнай вайны». Як быццам ён мог заявіць штосьці іншае.

Алею ў агонь чутак падліла аварыя па віне сустрэчнага самазвала (камэнтуючы навіну, многія згадвалі гібель Машэрава), у якую трапілі камандуючы ВПС Расеі генэрал-лейтэнант Уладзімер Шаманаў і камандзір Тульскай дывізіі ВПС палкоўнік Аляксей Навумец. «Нешта дзіўнае адбываецца... звычайна так па-ціхаму імкнуцца ваенныя перавароты прадухіліць», - напісаў blue_olusha. «Не сумняваюся, што гэта замах. Каму выгодна? Таму ж, хто вельмі занепакоены мітынгам дэсантнікаў. Чужая ўлада зьнішчае ў Расеі ўсё жывое і дзеяздольнае. Нашая задача зьнішчыць гэтую ўладу і ўсталяваць сваю - сувэрэнную, незалежную ад нашых замежных ворагаў і "пятай калёны"», - пракамэнтаваў навіну пра аварыю былы дэпутат Дзярждумы, старшыня партыі «Вялікая Расея» Андрэй Савельеў.

Блогер fritzmorgen нагадаў, што гэта ўжо пятае трагічнае здарэньне з удзелам расейскіх генэралаў з канца жніўня.

«Простыя намеры высунуць патрабаваньні пра збавеньне Мінабароны ад тоўстых сьцёгнаў мэбельшчыка прывялі да мачылава, і крымінальнікі з ЧК разьвязалі беспрадзел. І менавіта гэта больш за ўсё кажа аб тым, што ваенны пераварот - цалкам рэальная рэч», - выказаўся runo_lj. «У мяне неяк неспакойна на душы», - піша fritzmorgen. - «Я на месцы нашага Гаранта мітынг на Паклоннай гары забараніў бы і яшчэ сьцягнуў бы, для падстрахоўкі, танкі да Крамля. Чыста на ўсялякі выпадак».

Некаторыя ня вераць у здольнасьць сёньняшніх генэралаў да арганізацыі паўнавартаснага перавароту:

«Канечне, хацелася б верыць у генэралаў, якія рыхтуюць "ваенны пераварот"»
, - піша блогер vlad47. - «Але няма такіх. Уся сыстэма кар'ернага росту ў Савецкай арміі і Расейскіх Узброеных Сілах была пабудаваная па прынцыпе адбору найболей адданых і няздольных да самастойных дзеяньняў людзей... Так што ня веру я ні ў якія генэральскія змовы. Гэта падобна да надзеяў белаэміграцыі ў 30-ыя гады на Тухачэўскага. Зразумела, што былы гвардзейскі паручнік ніякіх напалеонаўскіх змоваў ня ладзіў. Але на ўсялякі выпадак Джугашвілі па мянушцы "Сталін" вырашыў яго ліквідаваць. Тое ж самае мы бачым сёньня ў гісторыі з Шаманавым».

Папулярным варыянтам інтэрпрэтацыі падзеяў стала вэрсія «рукі Крамля». Гэтак, блогерка blackicon у суполцы ru_nazdem выказала меркаваньне, што ўлада проста вынайшла новы спосаб абясшкоджваньня пратэстаў - іх імітацыю:

«7 лістапада паветрана-дэсантныя войскі выводзяць на мітынг пратэсту на Паклонную гару. Пратэставаць супраць міністра Сердзюкова. Нават ня сьмешна. Уявіце - зьбіраюцца вайскоўцы-мужыкі і пачынаюць жаліцца на заўхоза Таляна. "Ой, ой, Талян нас не паважае, абражае нас, бедных салдацікаў-афіцэрыкаў". Сьлязу пусьціць скупую і пайсьці выпіць пасьля мітынгу за савецкае войска. Гэта праграма максымум. Складзеная, заўважым, нават не самімі дэсантнікамі, а для іх. Кім? Пытаньне дзіцячае. Тым жа заўхозам Талянам. Літаральна, ведамства міністра Сердзюкова на ўсякі выпадак мае ў запасе шэраг мэтадаў гашэньня пратэстаў. Адзін зь іх - арганізацыя гучных публічных "пратэстаў". З наступным нулявым вынікам. Для распальваньня ажыятажу ўкінуць чуткі пра падрыхтоўку перавароту - гэта клясыка. Так цяпер і паступаюць. Разводка для дзяцей ясельнага ўзросту. І для дэсантнікаў. І наогул для сучасных вайсковых афіцэраў...»

У падобным ключы выказаўся і блогер ibigdan, адзінае што ён ня быў упэўнены наконт мэтаў падобнай інсцэніроўкі:

«Вы сур'ёзна верыце ў гэтую камэдыю? Верыце ў тое, што ў краіне, дзе сотню "нязгодных" на пляцы лічаць пагрозай для ўлады, проста так дазволяць пратэст з 10 тысячаў здаравенных дэсантнікаў? :) Не, мітынг безумоўна адбудзецца і дэсантнікі прыйдуць самыя сапраўдныя. Праўда, іх будзе ня 10 тысячаў, а ў 2-3 разы меней (плюс спачуваючыя грамадзяне), але вам не здаецца, што яны ўсяго толькі нічога не падазраваючая масоўка ў спэктаклі "Добры цар карае злога баярына"? Тыпу, "гэта ня я вырашыў, народ патрабуе!". Ці вы думаеце, што вось гэты аскепак ГКЧП з паперкай – сапраўды правадыр дэсантнікаў? Яму ж тэкст у Крамлі пісалі. Усё гэта - шытае белымі ніткамі крамлёўскае шоў. І дай бог, каб яго мэтай было ўсяго толькі здыманьне Сердзюкова».


Ня сумняваецца, што гэта крамлёўская інсцэніроўка і ведае яе сапраўдныя мэты блогер golishev. На ягоны погляд, гэта задума прэзыдэнта Мядзьведзева, якая мае на мэце адстаўку Пуціна:

«Там на месцы адмыслова заточаныя пад гэтую справу людзі справакуюць які-небудзь "паход на Крэмль", ці хаця б проста бойку зь мянтамі. "Контррэвалюцыйны мяцеж" будзе пасьпяхова задушаны. Пуціна пад гэткую справу можна будзе адправіць у адстаўку... Неабавязкова ўсё будзе менавіта так, але неяк так - дакладна. "І в жолтых окнах засмеются, что этіх ніщіх провелі"».

«Чаму гэтая імітацыя спатрэбілася менавіта цяпер?» - пытаецца ў блогера georgescouthon. - «Як можна на фоне гэтага "мяцяжу" адправіць Пуціна ў адстаўку? На якой падставе? Нельга ж, урэшце, абвінаваціць нацлідэра ў арганізацыі перавароту?»

Той адказвае:

«Таму што любая "перабудова" павінна мець "ворагаў", якіх мусіць перамагчы. Мядзьведзеўская "мадэрнізацыя" - не выключэньне. Таму што патрэбная нагода "утылізаваць" Пуціна, які ўжо - палітычны труп (а ніякі не "нацлідэр"). Пуцін сёньня - цесьць карэйца на "Каліне" колеру мачы, зь бітай рожай і б**дзкім каляндарыкам, які жыве ў "хрушчобе" з тоўстай жонкай ды гімнасткай-палюбоўніцай і замінае прагрэсу».

Вы запытаецеся, якім бокам тут Лукашэнка? А такім, што па некаторых дадзеных беларускі прэзыдэнт у канцы кастрычніка сустракаўся з палкоўнікам Квачковым, лідэрам НАМП («Народнага Апалчэньня імя Мініна і Пажарскага», якое ставіць за мэту «падрыхтоўку да ўзброенага адпору варожым рускаму народу сілам»), які зьяўляецца адным з арганізатараў мітынгу на Паклоннай гары, ці меркаванага «ваеннага перавароту».

Абодва фігуранты адмаўляюць факт сустрэчы, але ў Беларусі ён дакладна быў разам з групай вэтэранаў ВПС Расеі, выступаў у Саюзе афіцэраў Беларусі і даваў інтэрвію дзяржаўнай прэсе. У якіх, апроч іншага, казаў:

«Абсалютнай большасьці карэнных народаў Расеі становяцца відавочнымі наступствы 20-летняга лібэральна-нацысцкага акупацыйнага кіраваньня сусьветнай закулісы: духоўны сьвет Расеі падвергнуты гвалту, краіна разрозьненая, золатавалютныя запасы вывезеныя на Захад, разбураны нацыянальная прамысловасьць, сельская гаспадарка, войска… З кожным годам амаль на мільён расейцаў становіцца меней, затое павялічваецца колькасьць дзяцей-беспрытульнікаў, якія змушаны зарабляць сабе на жыцьцё жабраваньнем і прастытуцыяй.

Мы стварылі Ўсерасійскі грамадзкі рух «Народнае апалчэньне імя К. Мініна і Д. Пожарского», таму што моўчкі назіраць за ўсім гэтым больш не ўяўляецца магчымым. Мы адразу заявілі, што будзем змагацца не за абястлушчаны кефір
(намёк на Ліпковіча?!- Будзімір), санаторна-курортныя пуцёўкі і камунальныя палёгкі, а за зьмену палітычнага курсу і палітычнай сыстэмы ў Расеі».

Чалавек і лібэрал v_novoselov задаецца пытаньнем: «Лука даў Квачкову грошы на падрыўную дзейнасьць у Расеі?»

Блогер kosarex лічыць, што Квачкоў сапраўды езьдзіў у Беларусь, каб «выманіць грошы або абяцаньне дапамогі пры дзяржперавароце». І нагадвае, што гэта ўжо ня першы выпадак - генэрал Рохлін калісьці зьвяртаўся да яго з такой самай мэтай. Прынамсі, удава генэрала, абвінавачваная ў яго забойстве, сьцьвярджала, быццам беларускі прэзыдэнт празь яе мужа фінансаваў масавае пратэстнае выступленьне сілавікоў у Расеі.

Тым часам блогер v_miron прапануе «правесьці агульнанацыяльны рэфэрэндум па пытаньні стварэньня паўнавартаснай Саюзнай дзяржавы Расея-Беларусь і абраць прэзыдэнтам Саюзу А.Р. Лукашэнку».

На што блогер hard_box адказаў: «Рэальны шанец убачыць Лукашэнку ў Крамлі - гэта ваенны пераварот».

Сочым за разьвіцьцём падзеяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG