Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух 25 кастрычніка ў цэху драўнянастружкавых пліт (ДСП) канцэрну "Пінскдрэў" забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. "Свабода" працягвае цыкл рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем'яў ахвяраў пінскай трагедыі.

Мароз Аляксандар Міхайлавіч (1987 — 2010 гг.)


Аляксандар Мароз працаваў на «Пінскдрэве» апэратарам аўтаматычных ліній. Уладкаваўся на прадпрыемства, калі адтуль літаральна зьбег ягоны брат Анатоль. Старэйшага брата стамілі шкодныя ўмовы працы ды абраза начальства, якой ён лічыў адмову даць яму ложак у інтэрнаце «Пінскдрэву». Аляксандру начальства ў гэтым саступіла. Ён неўзабаве ажаніўся. У сям’і на момант трагедыі гадаваўся дзевяцімесячны сын.

Пахавалі загінулага на радзіме, у вёсцы Струга Столінскага раёну.

Пра вялікую сям’ю, зь якой паходзіць Аляксандар Мароз, вяскоўцы адзываюцца даволі добра, гаворыць стараста вёскі Струга:

«Я бацькоў загінулага добра ведаю. Маці і бацька працуюць у СПК. Сям’я — харошая, дзеці (трое) — усе хлопцы. Таксама яны нідзе не заўважаныя ў кепскім. Нармальныя вясковыя хлопцы. Пра гэтую сям’ю толькі самыя добрыя водгукі».

Аляксандар Мароз — наймалодшы сын у сям’і, яму споўнілася 23 гады. Але юнак імкнуўся жыць самастойна. Стварыў сям’ю, атрымаў у Пінску ўчастак для будаўніцтва дому, зьбіраўся ўзяць крэдыт, кажа бацька нябожчыка:
Пяць дзён чакалі, думалі, што ўрачы ўратуюць. Але…

«Хто мог падумаць, што такое здарыцца? Спадзяваліся на лепшае, а атрымалася… Пяць дзён чакалі, думалі, што ўрачы ўратуюць. Але… Забралі яго сюды, на радзіму. Тут пахавалі. Мой старэйшы сын таксама там працаваў. Але вось ужо амаль як паўтара году як звольніўся. А малодшы застаўся. Застаўся назаўсёды».

Брат загінулага Анатоль кажа, што ўмовы працы ў цэху не адпавядаюць нормам бясьпекі, кіраўніцтва закрывала на гэта вочы:

«Што казаць пра гэтую працу, калі я там сам працаваў. Там увогуле вэнтыляцыі ніякай не было. Выцяжкі не было пылу. У цэху, дзе працаваў брат, апошнім часам узьнялі заробак да 1 мільёна 800 тысячаў рублёў. Але працавалі і ў нядзелю, і ў сьвяты. Толькі на Вялікдзень не працавалі, па-мойму, і на Новы год. Мне надакучыла сварыцца зь імі за ўсё гэта, за гэты пыл, таму і звольніўся».

Загінулы Аляксандар атрымаў ад прадпрыемства пакой у інтэрнаце «Пінскдрэву», таму і застаўся тут працаваць. Харошы быў чалавек, кажа брат нябожчыка, Анатоль:

«Ну, як якім быў? Харошым быў. А якім яшчэ можа быць брат? Канечне, ўсялякае бывала. Але нікому нічога не адмаўляў. Нармальным быў».

вясельле Анжэлы й Аляксандра Мароз 2008 г.

Аляксандар Мароз разам з дзіцём

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG