Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт ААН распачынае разгляд скаргі берасьцейца


Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека зарэгістравала заяву берасьцейскага пэнсіянэра Паўла Казлова.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў Раман Кісьляк, абаронца Казлова.

Спадар Кісьляк адзначае, што ў 2005 годзе Павал Казлоў у лістах крытыкаваў прадстаўнікоў страхавой кампаніі зь Берасьця за безадказнасьць, нерацыянальную трату сродкаў пры разглядзе страхавых выпадкаў пасьля дарожных здарэньняў:

«Павал Казлоў накіраваў міністру фінансаў ліст, у якім апісаў свае заўвагі наконт некампэтэнтнасьці супрацоўнікаў кампаніі. Тым ня менш да адказнасьці прыцягнулі не страхоўшчыкаў, але самога актывіста, нібыта за паклёп. Ён быў аштрафаваны. Актывіст прайшоў усе прыступкі беларускай судовай сыстэмы і ў 2008 годзе накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН».

Паводле праваабаронцы, у бліжэйшыя некалькі месяцаў Камітэт ААН накіруе дзяржаўным органам заяву Паўла Казлова з мэтай атрыманьня афіцыйнага камэнтара па гэтай справе.
XS
SM
MD
LG