Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: “Справядлівы сьвет” патрабуе перафармаваць участковыя камісіі


Аршанскі гарадзкі камітэт партыі левых «Справядлівы сьвет» накіраваў скаргу ў суд Аршанскага раёну і гораду Воршы. Заяўнікі патрабуюць адмяніць рашэньне гарвыканкаму і райвыканкаму аб фармаваньні ўчастковых камісій.

Ад партыі «Справядлівы сьвет» у камісіі гарадзкіх участкаў было вылучана 11 прэтэндэнтаў, зь якіх уключылі толькі 6. У пададзенай у суд скарзе адзначаецца, што на паседжаньні гарвыканкаму не абмяркоўвалася і не выносілася на галасаваньне ні адна з прапанаваных кандыдатур. Таму немагчыма зразумець, на якой падставе было адмоўлена пяці прадстаўнікам «Справядлівага сьвету» ва ўключэньні ў склад участковых камісій па Воршы.

Аналягічная скарга накіравана і з нагоды неўключэньня 4 прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі Аршанскага раёну. Паводле рашэньня райвыканкаму, у камісіі трапілі толькі 3 прадстаўнікі «Справядлівага сьвету», хаця вылучаліся 7.

Судовыя разгляды абедзьвюх скаргаў прызначаны на 5 лістапада.
XS
SM
MD
LG