Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубскага арыштавалі па падазрэньні ў распаўсюдзе наркотыкаў


Арцём Дубскі

Арцём Дубскі

Украінская міліцыя затрымала ў Жытоміры чатырох грамадзян Беларусі паводле падазрэньня ў распаўсюдзе наркотыкаў, паведамляе БелаПАН.

Затрыманыя зьяўляюцца апазыцыйнымі актывістамі: Ігар Коктыш, Віталь Цішчанка з жонкай Тацянай і Арцём Дубскі. Акрамя таго, затрыманая жонка Коктыша грамадзянка Ўкраіны Ірына Цюцюннік.

3 лістапада яна па тэлефоне зьвязалася з журналістамі абласной газэты «20 хвілін» і паведаміла, што да іх у кватэру ўварваліся супрацоўнікі міліцыі, патлумачыўшы свой візыт тым, што нібыта ў памяшканьні ёсьць чалавек, які знаходзіцца ў вышуку. Аднак замест высьвятленьня асоб людзей, якія былі ў кватэры, яны правялі ператрус і «падкінулі траву».

На месца ператрусу выехалі дзьве журналісткі газэты з дыктафонам і фотаапаратам, якія пачалі фіксаваць дзеяньні міліцыі, аднак міліцыянты канфіскавалі ў іх фотаапарат і дыктафон.

4 лістапада на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве дырэктар дэпартамэнта па сувязях з грамадзкасьцю МУС Украіны Дзьмітрый Андрэеў заявіў, што ў адной з кватэр Жытоміра супрацоўнікамі аддзела па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў у Жытомірскай вобласьці на законных падставах праводзіўся агляд жыльля:

«Дадзенае працэсуальнае дзеяньне было вынікам працяглай апэратыўнай распрацоўкі. Мы мелі інфармацыю, што ў гэтай кватэры займаліся незаконным распаўсюджваньнем і ўжываньнем наркотыкаў», — заявіў Андрэеў.

Паводле яго слоў, у выніку ператрусу была канфіскаваная расьлінная маса зялёнага колеру, якая моцна нагадвае каноплі, вагой каля 10 грамаў, а грамадзяне, якія знаходзіліся ў кватэры, былі затрыманыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG