Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Якія выбары? Каго ўлада захацела, таго й выбрала"


Апытаньне "Свабоды": "На Магілёўшчыне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі не ўключылі ніводнага прадстаўніка апазыцыі. Як гэта паўплывае на вынікі галасаваньня?" Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадар: "Тое, што іх можна падрабіць так, як яны хочуць, — кіраўніцтва наша. Няма супрацьвагі, якая можа іх спыніць. Калі ўлада сама лічыць галасы, то чаму б ёй не палічыць іх, як ёй трэба?"

Спадар: "Ёсьць яны ці няма іх — ніякім чынам гэта на выніку не адаб’ецца. У нашых сёньняшніх умовах тая ступень кантролю, хоць якая, усё роўна гэта карцінка для Эўропы больш. Бачнасьць легітымнасьці".

Спадар: "Гэта кажа пра тое, што выбары пройдуць не зусім пад пільным кантролем грамадзкасьці. Яна застанецца ўбаку. Убаку ад выбараў, і ўсё. Як камісіі вырашаць, так і будзе".

Спадар: "Канечне, хацелася б, каб была й апазыцыя. Каб не было падтасоўкі вынікаў ніякай".

Спадар: "Апазыцыя, канечне, аказвае нейкі ўплыў на парадак і ход правядзеньня выбараў, аднак іншым разам яна й перашкаджае. Паводзяць сябе некарэктна. Я неяк назіраў за гэтым на мінулых выбарах".

Спадар: "Гэта дрэнна. У любым выпадку яны павінны прысутнічаць. Калі ў нас усё добра, усё празрыста й сумленна, то чаму не? Адназначна я настроены на тое, што як бы мы ні хацелі, вынік выбараў будзе такі, як і мінулы раз. Гэта балота. Камень кідаеш — твань разыдзецца, а потым вяртаецца на сваё месца".

Спадар: "Зразумела, што ў выбарчых камісіях павінны быць розныя партыі, бо адміністрацыйны рэсурс заўжды цісьне".

Спадар
: "Хто хоча, той і выйграе, то бок хто ёсьць, той і застанецца. Якія выбары? Каго захацелі, таго й выбралі".

Спадар:
"Хто як лічыць, галоўнае, а ня тое, як галасуюць. Канечне, апазыцыя павінна быць. Выбары — гэта такая рэч: альбо яна дэмакратычная, альбо пастановачная".

Спадар сталага веку: "Канечне, іх прысутнасьць дадала б ім галасоў. Справядліва гэта было б. Прэзыдэнт нібыта абяцае. І назіральнікаў шмат прыехала з АБСЭ. Але я так упэўнены, што будзе дзейны прэзыдэнт".

Спадар сталага веку: "Ува ўсіх камісіях павінны быць любыя партыі. Каб яны кантралявалі. А калі іх не дапускаюць, то выбары несправядлівыя. Прэзыдэнт казаў, што зробіць усё, каб правесьці выбары чэсна. Калі ж ён не дапусьціў людзей — значыць, ён ня мае рацыі".
XS
SM
MD
LG