Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Доктар мне потым сказаў, што ён загінуў імгненна"


Міхаіл Старадуб

Міхаіл Старадуб

Выбух 25 кастрычніка ў цэху ДВП канцэрну "Пінскдрэў" забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. "Свабода" працягвае цыкль рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем'яў ахвяраў пінскай трагедыі.





Старадуб Міхаіл Іванавіч ( 1958-2010)


На трэці дзень пасьля выбуху на гарадзкіх могілках "Пасянічы" ў Пінску быў пахаваны Міхаіл Іванавіч Старадуб, які працаваў у цэху ДВП сьлесарам-рамонтнікам помпаў і гідраўлічных машын. Удава Людміла Міхайлаўна кажа пра мужа:

"Гэта быў сумленны, добры, вельмі чульлівы чалавек. І людзі яго любілі. Калі яго хавалі, на пахаваньне прыйшло ня тое што шмат людзей, а вельмі шмат. Плакалі нават мужчыны. І адмысловец ён быў вельмі добры".

Удава Міхаіла Старадуба

Міхаіл Старадуб скончыў тэхнікум грамадзянскай авіяцыі ў горадзе Троіцку пад Чалябінскам, атрымаў спэцыяльнасьць авіятэхніка. У 80-я гады мінулага стагодзьдзя жыў і працаваў у Коўне, пэўны час лятаў на самалётах сельскагаспадарчай авіяцыі, але вельмі любіў родную Піншчыну і, адпрацаваўшы разьмеркаваньне, зьехаў дамоў. Спачатку рабіў на "Кузлітмашы", а потым перайшоў на "Пінскдрэў". З будучай жонкай пазнаёміўся на дне народзінаў у суседзяў. Год яны сустракаліся, перш чым справілі вясельле. Нарадзілі дзьвюх дачок, абедзьвюх вывучылі. Пра гады жыцьця з мужам Людміла згадвае як пра самы цудоўны час:

"27 гадоў мы зь ім пражылі, вось 4-га лютага будзе 27 гадоў. І за гэтыя гады я зь ім зьведала велізарнае сямейнае шчасьце. Ён быў вельмі добры муж і бацька, ва ўсіх адносінах. Быў вельмі адданы сям'і, вельмі кахаў мяне, любіў сваіх дачок, быў сумленны ў адносінах з намі і з усімі людзьмі. Быў вельмі культурны — ніколі ў нас не было нейкіх нэгатыўных момантаў, не. Калі я вучылася завочна ва ўнівэрсытэце, зьяжджала на вучобу і магла спакойна пакінуць на яго дзяцей".

Людміла Міхайлаўна кажа, што такія паводзіны Міхаіла закладаліся выхаваньнем у ягонай сям'і.

"Дарэчы, ягоная маці яшчэ жыве, і бабуля жыве, якой ужо 96 гадоў. Яны жывуць у тым доме, дзе калісьці жыў Якуб Колас. Нават Якуб Колас здымаў пакой у ягонага прадзеда. Яшчэ ў яго тут жыве сястра, малодшы брат, пляменьнікі. Усе сёньня будуць у царкве на паніхідзе. Ён вырас у вельмі добрай сям'і, атрымаў добрае выхаваньне. А ўсё, як вы ведаеце, ідзе зь сям'і".

Міхаіл быў вельмі сьціплым чалавекам, кажа ягоная жонка і згадвае такі выпадак. У 1998 годзе мясцовая газэта надрукавала пра яго нататку з фатаздымкам. Жонка даведалася пра публікацыю, адмыслова пабегла ў кіёск і набыла газэту. "Муж усьміхнуўся і сказаў: знайшла падзею! Я працую, як усе". Але там гаварылася пра тое, які ён надзейны чалавек, і гэта дакладна пра яго. Такіх надзейных якраз вельмі мала", — кажа Людміла Старадуб.

Людміла Міхайлаўна трымае газэту 90-х гадоў з артыкулам пра лепшага працоўнага Пінскдрэў

Пра прычыны аварыі жанчына пэўна ня ведае, а пераказваць вэрсіі не захацела. Згадала, што 25-га кастрычніка пасьля абеду паведамілі, што ў цэху быў выбух, адбылося абрушэньне і загінулі людзі. Муж заўсёды працаваў у першую зьмену, ягоны тэлефон не адказваў, і таму выходзіла, што ён можа быць пад заваламі. Але яна спадзявалася на цуд. Чаканьне цягнулася да 7 вечара, калі званок малодшага брата перакрэсьліў спадзяваньні на лепшае:

"Доктар мне потым сказаў, што ён загінуў імгненна".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG